9 сьнежня ён спрабаваў выехаць у Літву, але яго затрымалі беларускія памежнікі і перадалі ашмянскай міліцыі.
Пасьля тыдня ў тамтэйшым ізалятары яму ўсё ж удалося выехаць за мяжу.
Пра Аляксандра Царука сьцісла
- 52 гады. Родам зь Пінску, з 1996 году жыве ў Магілёве. Мае дзьвюх дарослых дачок.
- Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 2012 году.
- Кваліфікаваны сьлесар-сантэхнік.
- У акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў удзельнічаў з 9 жніўня.
«Абяцаю вярнуцца...»
Аляксандар Царук кажа, што ад’езд зь Беларусі ня быў спантанным. Ён раіўся зь сям’ёй ды аднадумцамі, якія пагадзіліся зь ягоным рашэньнем. Яму сабралі грошы на паездку і на першы час жыцьця за мяжою.
У дарогу актывіст узяў самае неабходнае. Прыхапіў бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім хадзіў на пратэсты, і партыйны білет. Да пункту памежнага кантролю дабіраўся аўтаспынам. Там яго і затрымалі для высьвятленьня асобы.
Спачатку ў памежнікаў былі прэтэнзіі да пашпарту, а праз тры гадзіны прыехалі міліцыянты з Ашмянаў і забралі яго. Дарогай патлумачылі, што выконваюць просьбу магілёўскіх калегаў. У ізалятары Ашмянаў Аляксандар прабыў сем не даседжаных у Магілёве дзён. Пра неадбыты адміністрацыйны арышт ён ведаў, але спадзяваўся «праскочыць» на мяжы.
Па вызваленьні безь перашкодаў трапіў у Літву. Цяпер актывіст на самаізаляцыі ў адным з гатэляў Вільні. Ужо здаў тэст на каранавірус; калі ён будзе адмоўным, то Аляксандар атрымае дазвол на кароткачасовае знаходжаньне ў горадзе. Пакуль жа яму забаронена пакідаць гатэль.
«Я не назаўсёды зьехаў і абяцаю вярнуцца, — кажа Аляксандар Царук. — Не хачу заставацца на чужыне. У Беларусі мая сям’я, тыя людзі, зь якімі пазнаёміўся і зрадніўся за час пратэстаў. Калі зьменіцца сытуацыя ў Беларусі ці сыдзе Лукашэнка, то прыеду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Звольнілі з працы і пастаянна затрымлівалі». Чаму актывіста з Магілёва затрымалі на мяжы зь ЛітвойПерасьлед і адсутнасьць працы змусілі зьехаць
Аляксандар Царук у няволі прабыў 41 дзень. Ён кажа, што заставацца на радзіме яму не выпадала. З падзеньнем у Магілёве пратэставай актыўнасьці ўзмацніўся перасьлед тых, хто ўдзельнічаў у акцыях. Яго безупынна выклікалі ў міліцыю на гутаркі, а адтуль адпраўлялі ў ізалятар.
Праз удзел у пратэстах Аляксандар Царук згубіў працу. Рабіў ён сантэхнікам у адной з будаўнічых арганізацыяў гораду на падставе дамовы-падраду. Пасьля ліста начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага аддзелу ўнутраных справаў Пушына наймальнік папярэдзіў, што зь ім афіцыйна працоўных адносінаў мець ня будзе, і прапанаваў працаваць пад чужым імем. Аляксандар з гэтым не пагадзіўся, але застаўся бяз сродкаў для пражыцьця.
«Наймальнік хацеў, каб я працаваў, але ён выконваў дзяржаўныя падрады і празь мяне не хацеў рызыкаваць», — тлумачыць сытуацыю актывіст.
«Знойдуцца тыя, хто асудзіць...»
У бліжэйшых плянах актывіста знайсьці ў Літве працу. Але ён адзначае, што не прыехаў туды на заробкі, а будзе дапамагаць аднадумцам і радзіме дзеля найхутчэйшага надыходу пераменаў.
Аляксандар Царук кажа, што сапраўдныя героі засталіся ў Беларусі. Яны рэгулярна выходзяць на традыцыйныя нядзельныя «шпацыры», каб засьведчыць, што пратэставы рух жыве.
Да ад’езду ў Літву і ён у Магілёве выбіраўся на пешаходную вуліцу. Многіх мінакоў раней бачыў у калёнах пратэстоўцаў, і калі спатыкаў іх на прагулянцы, «рабілася цяплей».
«Вядома ж, — адзначае суразмоўца, — знойдуцца тыя, хто асудзіць мяне за ўцёкі, маўляў, паехаў па лепшае жыцьцё, але для мяне галоўным застаецца думка тых людзей, зь якімі я выходзіў пратэставаць».
Актывіст прызнаецца: яму «невыносна цяжка» ведаць, што цяпер у Магілёве застаюцца ў няволі некалькі пратэстоўцаў на падставе крымінальных абвінавачаньняў.
«Тое, што адбылося зь беларусамі, — цуд»
Першы раз Аляксандра Царука схапілі 10 жніўня. Ён кажа, што ў той дзень быў у цэнтры гораду і трапіў у міліцэйскую аблаву. Тады міліцыянты ў рыштунку цягнулі ў аўтазакі ўсіх, хто пападаўся пад руку. Каб уратавацца, ён далучыўся да экскурсіі Таварыства беларускай мовы, але і экскурсійная група апынулася ў Ленінскім РАУС Магілёва. Зь ягоных словаў, там яго ня білі, але на затрыманых чынілі псыхалягічны ціск. Жанчыны і дзяўчаты не вытрымлівалі і плакалі.
У мясцовым ІЧУ месцаў для затрыманых не хапала, для іх вылучылі камэры сьледчага ізалятару, які месьціцца ў суседняй турме № 4. У ім і апынуўся Аляксандар. Кажа, што ў ягонай камэры тады было 18 чалавек.
«Ноч мы перабылі без матрацаў, — згадвае актывіст. — На вокнах былі краты, але без асадаў. У камэры было прахалодна, а многія сядзельцы былі ў шортах. Сядзелі на жалезных ложках. Адзін аднаму давалі цёплую адзежу, каб адагрэцца. Прылегчы не было як. Маладыя хлопцы былі шакаваныя пабачанай турмой».
Другі раз Царук трапіў у ізалятар праз два месяцы. Тады ён заўважыў, што ў стаўленьні ахоўнікаў да «палітычных» зьявіліся прыкметы прыязнасьці. Актывіст цьвердзіць, што ня мае адчуваньня змарнаванасьці праведзенага ў няволі часу, бо там пазнаёміўся «з цудоўнымі людзьмі і пабачыў, як яны падтрымлівалі адзін аднаго».
«Тое, што адбылося зь беларусамі, — цуд, — кажа Аляксандар. — Раней мы цураліся адзін аднаго, а тут аднекуль зьявілася адзінства».