Генадзь Кернес прайшоў шлях ад крыміналу да ўлады, перажыў на пасадах некалькі рэвалюцый, а апошнія выбары мэра Харкава выйграў, знаходзячыся ў рэанімацыі.
У Нямеччыне памёр мэр Харкава Генадзь Кернес — ён перамог на мясцовых выбарах у кастрычніку 2020 году, калі ўжо знаходзіўся ў бэрлінскай клініцы ў рэанімацыі пасьля заражэньня каранавірусам.
«Сёньня ўначы спынілася вялікае добрае сэрца майго найлепшага сябра Генадзя Кернеса. Наступствы каранавіруснай інфэкцыі далі сур’ёзныя ўскладненьні на працу жыцьцёва важных органаў і сыстэмаў арганізма», — паведаміў сябар харкаўскага мэра, украінскі бізнэсоўца Павал Фукс.
Вылучалі кандадытам у мэры завочна
Генадзь Кернес з 2010 году выбіраўся мэрам Харкава — гэта другі па велічыне горад ва Ўкраіне. Сёлета яго вылучылі кандыдатам у мэры завочна — зьезд заснаванай ім партыі «Блок Кернеса — Пасьпяховы Харкаў» праходзіў безь яго, як і выбарчая кампанія — у верасьні Кернес заразіўся каранавірусам, яго перавезьлі ў нямецкую клініку Шарытэ.
Па выніках выбараў 25 кастрычніка Генадзь Кернес быў абвешчаны пераможцам, а 8 лістапада яго зарэгістравалі мэрам Харкава на падставе ягонай электроннай заявы.
Быў супраць карантыну па каранавірусе
Генадзь Кернес адным зь першых украінскіх мэраў у сакавіку 2020 году выступіў супраць увядзеньня жорсткага карантыну.
«Я супраць закрыцьця мэтро ў Харкаве і закрываць яго не зьбіраюся! Мэтро карыстаюцца ўсе катэгорыі льготнікаў. Лічу абсалютна неабгрунтаваным такое рашэньне для гораду, дзе не зафіксавана ніводнага выпадку захворваньня», — заяўляў Кернес. У верасьні ён сам захварэў на COVID-19 і ад яго памёр.
Эўрамайдан называў бацылай
У 2014 годзе Кернес крытыкаваў Эўрамайдан і выступаў супраць эўрапейскай інтэграцыі Ўкраіны.
«На Майдане стаяць адкіды, заражаныя бацыламі Майдана, і перашкаджаюць нам тварыць і будаваць. Але нашае цярпеньне не бязьмежнае. Мы падтрымліваем Віктара Януковіча і пакуль трываем», — заяўляў ён тады.
Яго абвінавачвалі ў фінансаваньні так званых «цітушак», якіх прывозілі ў Кіеў для арганізацыі беспарадкаў і нападаў на актывістаў акцыяў пратэсту. Менавіта ў Харкаў прыляцеў Віктар Януковіч пасьля масавых расстрэлаў на Майдане. Меркавалася, што там мелі правесьці «зьезд дэпутатаў паўднёва-ўсходніх абласьцей усіх узроўняў», на якім Януковіч зьбіраўся заклікаць да непрызнаньня новай улады. Але ў апошні момант тагачасны прэзыдэнт перадумаў і зьехаў у Данецк, а сам Кернес — у расейскі горад Белгарад, адтуль у Жэнэву, аднак потым вярнуўся ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць мэра Харкава Кернэса аб выкраданьні, катаваньнях і пагрозе забойствам закрылі
Крымінальная справа супраць Генадзя Кернеса і двух ягоных ахоўнікаў, якія абвінавачваліся ў незаконным пазбаўленьні волі, катаваньнях і пагрозе забойствам двум актывістам харкаўскага Эўрамайдану, была закрытая ў 2018 годзе, але сёлета ў студзені адноўленая і перададзеная ў суд. Апошнія судовыя пасяджэньні не адбыліся, бо Кернес ужо знаходзіўся за мяжой на лячэньні.
Пацярпеў ад замаху на жыцьцё
Ужо пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне, у красавіку 2014-га, на Генадзя Кернеса ўчынілі замах — стралялі на ягонай ранішняй прабежцы.
Ён атрымаў цяжкае раненьне — куля прабіла лёгкае і пячонку. Яго спачатку праапэравалі ва Ўкраіне, а потым ён доўга лячыўся ў Ізраілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненага снайпэрам Генадзя Кернэса адправілі ў Ізраіль
Пасьля гэтага замаху Кернес перасоўваўся ў інваліднай калясцы. Спачатку ён заяўляў, што да спробы забойства быў датычны ягоны харкаўскі канкурэнт у бізнэсе і палітыцы, цяперашні міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў, а пазьней не выключаў «чачэнскага сьледу». Неаднойчы абураўся, што расьсьледаваньне крымінальнай справы аб замаху на ягонае жыцьцё фактычна спынілася.
На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах падтрымаў Парашэнку
На выбарах у 2019 годзе, нягледзячы на цяжкія стасункі зь Пятром Парашэнкам пасьля Эўрамайдану, Генадзь Кернес публічна падтрымаў ягоную кандыдатуру на прэзыдэнта. Найперш за дэцэнтралізацыю ўлады, але пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага папракаў Пятра Парашэнку сотнямі адкрытых супраць яго і ягоных паплечнікаў крымінальных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кернэс супраць рэфэрэндуму ў Харкаве
Скандальны ролік
Генадзь Кернес прыйшоў у палітыку ў канцы 90-х. Але да таго ён адседзеў тры гады за дробнае махлярства — у канцы 80-х ён пачаў займацца бізнэсам і ствараў каапэратывы. Пасьля вызваленьня ён заняўся фінансавым бізнэсам. Гэтае мінулае яму неаднойчы прыгадвалі палітыкі, а колішні міністар унутраных спраў і экс-генэральны пракурор Юры Луцэнка заўсёды папракаў яго мянушкай крымінальнага аўтарытэту «Гепа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэрам Харкава абраны былы крымінальны аўтарытэт
Кернес выбіраўся дэпутатам Харкаўскай гарадзкой рады, кароткі час быў яе сакратаром. Шматгадовы паплечнік Партыі рэгіёнаў і Віктара Януковіча, ён пасьля перамогі Аранжавай рэвалюцыі выходзіў да людзей з аранжавым шалікам. Але гэты хаўрус з тагачаснымі пераможцамі стаў кароткім.
У 2006 годзе Генадзь Кернес фактычна ачоліў выбарчы штаб яшчэ аднаго калярытнага харкаўскага палітыка — Міхаіла Добкіна, які балятаваўся ў мэры Харкава ад Партыі рэгіёнаў. І тады нехта апублікаваў відэазапіс, на якім менавіта Кернес мацюкаўся, падказваючы кандыдату, як і што трэба казаць у перадвыбарчым рэклямным роліку.
Ягоныя словы «Міша, усё перапісваем, у цябе сумны твар, з такім тварам ніхто грошай ня дасьць» потым неаднаразова станавіліся падставай для сатырычнай творчасьці ўкраінцаў.