Улады Менска зноў пагражаюць высяленьнем пратэстанцкай царкве «Новае жыцьцё»

Царква "Новае жыцьцё"

Менскія ўлады чарговым разам патрабуюць, каб суполка пратэстанцкай Царквы поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» пакінула будынак па вуліцы Кавалёва, 72.

Такое прадпісаньне вернікі атрымалі ад упраўленьня прымусовага спагнаньня галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менскага гарвыканкаму, расказаў БелаПАН адміністратар царквы Віталь Антончыкаў.

Чыноўнікі патрабуюць, каб будынак быў вызвалены да 31 сьнежня. У іншым выпадку пагражаюць прымусовым высяленьнем 5 студзеня 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» выступілі супраць гвалту і забойстваў. ВІДЭА

«Гэта ўжо ня першае прадпісаньне. Заўсёды, калі мы атрымліваем такія лісты, узмоцнена молімся, каб Госпад абараніў нас. Будзем спадзявацца, што не адвернецца ён ад нас і гэтым разам», — сказаў Віталь Антончыкаў.

Кіраўніцтва царквы неаднаразова сустракалася з прадстаўнікамі менскіх уладаў, каб легалізаваць свой будынак. Аднак сытуацыя не зьмянілася.

Летась у студзені прайшло грамадзкае абмеркаваньне пляну забудовы паўднёвай часткі мікрараёну Сухарава. На месцы малітоўнага дома думаюць пабудаваць школу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі застанецца царква, школы ня будзе». У Сухараве абмеркавалі пляны зносу і забудовы. Было горача

Занядбаны будынак былога кароўніка прыхаджане адстроілі пад царкву за ўласныя сродкі. Ад пачатку ўчастак быў выдзелены рэлігійнай суполцы ў бестэрміновае карыстаньне, аднак у 2005-м менскія ўлады пазбавілі яе такога права.

На наступны год вернікі правялі галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Іх падтрымалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, краіны Эўразьвязу, замежныя палітыкі, рэлігійныя аб’яднаньні. Пасьля гэтага ўлады пакінулі царкву ў спакоі.