Што будзе з Лукашэнкам пасьля накладзенай на яго анатэмы

Аляксандр Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай на Вялікдзень у Сьвята-Дабравешчанскім храме вёскі Малыя Ляды Смалявіцкага раёну.

Напрыканцы лістапада кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін з Таронта падчас набажэнства абвясьціў аб адлучэньні Аляксандра Лукашэнкі ад царквы і наклаў на яго анатэму. Доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая ў інтэрвію Свабодзе расказвае, што гэта азначае.

Сьцісла

  • У царкоўным сэнсе анатэма — гэта адлучэньне ад царквы. У народзе анатэма асацыюецца з праклёнам, бо поўнае адлучэньне ад царквы азначае выпаданьне з чалавечай супольнасьці.
  • У сучасных Праваслаўных цэрквах анатэма ёсьць, у Каталіцкай царкве анатэмы няма.
  • Калі здараецца факт анатэмы адносна чалавека, які не належыць да царквы, то мы маем справу з другім, народным значэньнем анатэмы — як пазначэньне максымальна дрэнных учынкаў, якія зрабіў чалавек.
  • Анатэма Лукашэнку ад кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы — гэта хутчэй сымбалічны жэст менавіта ў народным значэньні.
  • Як чалавеку жыць з накладзенай на яго анатэмай, ён вырашае сам.

Чаму анатэма асацыюецца ў народзе з праклёнам

— Ірына, чаму анатэму — акт адлучэньня чалавека ад царквы — у народзе называюць і лічаць праклёнам. Вядома, што царква нікога не праклінае, дый сам праклён у вернікаў лічыцца грахом.

— Калі казаць папраўдзе, анатэма і праклён не такія далёкія паняцьці. Анатэма функцыянуе праз стагодзьдзі як адлучэньне ад царквы — гэта поўнае, татальнае адлучэньне ад царкоўнай супольнасьці. Само гэтае грэцкае слова азначае ахвяраваньне, паднашэньне. У габрэйскай Бібліі і ў грэцкім перакладзе яно ўжываецца ў два бакі: як паднашэньне, прысьвечанае Богу, і як нешта аддзеленае, забароненае. Напрыклад, у Кнізе Лявіта гэта забарона ўжываць тое, што пасьвячанае Богу.

Ірына Дубянецкая

А ў народзе анатэма асацыюецца з праклёнам якраз таму, што поўнае адлучэньне ад супольнасьці азначала якраз падзеньне, выпаданьне з чалавечай супольнасьці. Паводле практыкі, гэта азначае, што чалавек перастае быць чалавекам, роўным іншым.

У Новым Запавеце мы сустракаем анатэму некалькі разоў у лістах Паўла. Адзін з прыкладаў — Першы ліст да Карынцянаў, калі Павел кажа, што ніхто ня можа накласьці анатэму на Ісуса або ніхто ня можа назваць яго госпадам апроч як дух сьвяты.

Значэньне анатэмы як адлучэньня ад чалавечай супольнасьці паступова набірала сваё значэньне, але ўжо ў раньняй царкве яно функцыянуе менавіта так.

А ў сярэднявеччы анатэма ўжо напоўніцу была праклёнам.

Гэта крайняя мера, якую ўжывае царква.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўны архіяпіскап адлучыў Лукашэнку ад Царквы і наклаў на яго анатэму

Ёсьць малая экскамунікацыя і вялікая, татальная. Можна згадаць прыклад з ХІ стагодзьдзя, калі на імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Генрыха IV праз канфлікт з папам рымскім Рыгорам VІІ была накладзена анатэма. Тады адразу ўсе нямецкія князі былі гатовыя скінуць яго з імпэратараў і выбраць іншага. Яму давялося басанож тры дні ісьці праз Альпы і чакаць, пакуль папа верне яго ў царкву. Папа яго вярнуў, і ён зноў стаў імпэратарам, бо пад анатэмай ён ня мог ім быць.

Значэньне анатэмы для таго, хто да царквы не належыць

— З таго, што вы сказалі, вынікае, што народ, разумеючы анатэму як праклён, ня вельмі далёкі ад ісьціны. Але ці мае значэньне анатэма, калі яна выносіцца чалавеку, які фармальна належыць да іншай царквы ці зусім не належыць да ніякай?

— Насамрэч, гэта ня мае сэнсу, бо анатэма — гэта ўсё ж экскамунікацыя, адлучэньне ад царкоўнай супольнасьці. Нельга адлучыць ад супольнасьці таго, хто да яе не належыць.

Так што анатэма Лукашэнку ад кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы — гэта хутчэй сымбалічны жэст, хутчэй менавіта ў народным значэньні.

Анатэма — гэта заўсёды скрайняя мера. Перад ёй заўсёды праводзяцца гутаркі, спробы не давесьці да апошняга кроку.
Прычынай анатэмы можа быць гэрэзія ці схізма. Дрэнныя паводзіны чалавека ня могуць быць прычынай адлучэньня ад царкоўнай супольнасьці. Ёсьць іншыя захады, пры дапамозе якіх спрабуюць вярнуць грэшніка ў супольнасьць, напрыклад, забарона прычасьця і т. д.

Праваслаўныя цэрквы сёньня афіцыйна могуць накладаць анатэму. У Каталіцкай царкве анатэма была доўгі, але сёньня ў каталікоў анатэмы няма. Ёсьць экскамунікацыя. Анатэма — гэта таксама экскамунікацыя, але сёньня ў католікаў — гэта забарона прычасьця на пэўны час або малая экскамунікацыя. А вялікай экскамунікацыі ў католікаў ужо няма, апошняя рэдакцыя кананічнага права гэтага не прадугледжвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч: «Беларусь перажывае нябачаны крызіс, які можа завяршыцца грамадзянскай вайной»

Таму вось як можна падсумаваць. Нельга аддзяліць ад царкоўнай супольнасьці чалавека, які да яе не належыць. Таму калі здараецца факт анатэмы адносна такога чалавека, то мы маем справу з другім, народным значэньнем анатэмы — як пазначэньне максымальна дрэнных учынкаў, якія зрабіў гэты чалавек.

— У лісьце, які я атрымаў з Канады з тэкстам анатэмы, утрымлівалася і прапанова архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна менскім пратэстоўцам у наступную нядзелю пасьля вынясеньня Лукашэнку анатэмы не праводзіць марш, але ўсім без плякатаў і сьцягоў прыйсьці да храмаў і тройчы хорам выгукнуць: «Анатэма, анатэма, анатэма». Як вы пракамэнтуеце гэтую прапанову, якая, як вядома, не была агучаная публічна і ня стала фактам?

— У любым выпадку, гэта новая ідэя ў двухтысячагадовай гісторыі анатэмаў. Вернікі ніколі ня могуць аддаць анатэме каго-небудзь, гэта робяць найвышэйшыя царкоўныя герархі. Вернікі могуць рэагаваць на анатэму, разумеючы, што гэты чалавек цяпер да іх ліку не належыць, ён парыя. Так гэта і было ў гісторыі. Таму для праклятага чалавека вельмі важна вярнуцца ў супольнасьць.

Так што кіраўнік БАПЦ можа аддаваць анатэме вернікаў гэтай царквы. А ў дачыненьні да вернікаў іншай царкоўнай супольнасьці ён можа рабіць гэта толькі сымбалічна.

Так што гэтая ягоная прапанова мае не кананічнае, не царкоўнае, але грамадзкае значэньне.

Што будзе з чалавекам, якога адлучылі ад царквы

— Калі гаварыць пра нематэрыяльнае, незямное значэньне анатэмы. На вашу думку, такі акт мае сэнс і нейкі надпрыродны, містычны або трансцэдэнтны сэнс? Інакш кажучы, што будзе з чалавекам, якога адлучылі ад царквы? Хай сабе гэта адбылося і на іншым кантынэнце.

— Я думаю, гэта залежыць ад чалавека. Згадаем эвангельскае: калі ты ідзеш ахвяраваць і ведаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, то пакладзі сваю ахвяру, ідзі памірыся з братам і толькі пасьля гэтага рабі ахвяру. Гэта значыць, што чалавек павінен імкнуцца да таго, каб было найменш тых, хто да яго нэгатыўна ставіцца.

Наколькі гэта важна ў грамадзкім жыцьці і палітыцы, залежыць ад саміх людзей.

Яшчэ адно старое, раньняе значэньне анатэмы — гэта тое, што брыдкае ў вачах Бога, непрымальнае для яго. У раньніх тэкстах можна сустрэць такое значэньне. У пазьнейшых тэкстах ужо ніхто не бярэ на сябе адказнасьці казаць, што Богу прыкрае, а што не. Але апошняе навяртаньне ўсё роўна робіцца паміж чалавекам і Богам, апошні суд — гэта ўсё роўна суд Бога, а не людзей. Таму і анатэму перасталі ўжываць у гэтым значэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Павел больш не кіруе БПЦ. У яе новы кіраўнік — япіскап Веньямін

Але ў народным разуменьні яно так і ёсьць. У самых розных мовах непрымальная рэч завецца анатэмай — не як абвяшчэньне анатэмы, але як сама гэтая рэч ці ўчынак. Вось фраза: «Ідэя пра іншаплянэтнае заснаваньне чалавека — гэта анатэма для сучаснай навукі». Інакш кажучы, непрымальная для навукі рэч. Слова «анатэма» шырока ўжываецца ў сучаснай ангельскай мове ў такім звычайным, а не эклезіялягіным сэнсе.

Таму, як чалавеку жыць з накладзенай на яго анатэмай, ён вырашае сам.

Ці існуе божая помста

— Вы сказалі, што суд Бога — апошні. Сьвятары заклікаюць людзей ня помсьціць. Але ў народзе ёсьць думка, што існуе божая помста. Таму пытаньне да вас ня толькі як да тэоляга, але і як да чалавека, блізкага да царквы. Людзі вельмі часта расказваюць гісторыі пра грэшнікаў, якія зрабілі цяжкія злачынствы, і якія, яшчэ пры сваім жыцьці былі неяк пакараныя. Людзі перакананыя, што гэта кара нябёсаў, якая часам падае і на нашчадкаў грэшнікаў. І вось пытаньне. Ці расплачваюцца грэшнікі за свае грахі яшчэ ў сваім зямным жыцьці?

— Мы ня можам гэтага ведаць. Людзям хочацца думаць, што гэта так. Прынцып стаўленьня чалавека да чалавека вядомы — не судзі і ня будзеш асуджаны. Яго ніхто не адмяняў.

У грамадзкім жыцьці ёсьць іншыя мэханізмы змаганьня зь непрымальнымі зьявамі, у тым ліку і ў маральным сэнсе. Гэта і грамадзкае непадпарадкаваньне, якое сьведчыць пра непрымальнасьць таго, што робяць улады. Супольнасьць рэгулюе гэта сваімі мэтадамі.

У ісламе, калі на чалавека накладаецца фатва, то кожны мусульманін, калі яго сустрэне, мае абавязак яго забіць. У хрысьціянстве такога няма. Бог любіць усіх, можна ненавідзець грэх, але нельга ненавідзець грэшніка. Задача — спыніць, зрабіць немагчымымі шкодныя дзеяньні, а не таго, хто іх робіць. Бо той, хто іх робіць, усё роўна мае свае адносіны з Богам.

Таму адносіны паміж чалавекам і Богам — вызначальныя.

Адносіны паміж чалавекам і супольнасьцю — гэта адносіны іншага парадку, яны заўсёды неканчатковыя. Грамадзтва мае свае мэханізмы ўзьдзеяньня, але ня мае права казаць, што ведае, чаго хоча Бог.