«Дыктатар, які зьнікае». У Польшчы зьявіўся інтэрнэт-праект дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі журналістам

Аляксандар Лукашэнка ў палявой форме галоўнакамандуючага. Архіўнае фота.

У Польшчы пачаўся збор інтэрнэт-ахвяраваньняў для рэпрэсаваных беларускіх журналістаў. Арганізатары кампаніі «Дыктатар, які зьнікае» заклікаюць дапамагчы пацярпелым супрацоўнікам СМІ Беларусі.

На сайце «Дыктатар, які зьнікае», зьявіўся інтэрактыўны партрэт Аляксандра Лукашэнкі, які з кожным унесеным злотым будзе пазбаўляцца атрыбутаў улады — пакуль цалкам не перастане нагадваць небясьпечнага дыктатара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь назвалі самай небясьпечнай для журналістаў краінай Эўропы

Незвычайнае візуальнае афармленьне накіраванае на прыцягненьне ўвагі да праблемы рэпрэсій супраць журналістаў у Беларусі. Арганізатары акцыі — незалежная беларускамоўная тэлекампанія «Белсат» і фонд «Зона салідарнасьці».

«Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на падтрымку ахвяраў рэпрэсій сярод незалежных беларускіх журналістаў і на аднаўленьне апаратнай базы тэлеканалу „Белсат“, зьнішчанай або канфіскаванай падчас затрыманьняў і ператрусаў. А пазбаўлены атрыбутаў улады Лукашэнка тым часам ператворыцца зь небясьпечнага дыктатара ў форме з мэдалямі ў сумнага вусатага спадара ў майцы», — гаворыцца ў анатацыі праекту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да бацькоў палітзьняволенай Чульцовай прыходзілі зь ператрусам, Андрэева ў СІЗА перанесла алергічны прыступ

Толькі сёлета памер накладзеных штрафаў на карэспандэнтаў «Белсату» склаў больш за 85 000 злотых. Супрацоўнікаў іншых мэдыя таксама рэгулярна затрымлівалі падчас рэпартажаў зь мірных шэсьцяў, да іх цяпер ставяцца, як да ўдзельнікаў «несанкцыянаваных акцый». .

«Мы бачым сотні тысяч людзей, якія пратэстуюць супраць дыктатуры Лукашэнкі. Яны самааддана змагаюцца за свабоду і будучыню сваёй краіны. Гэта своеасаблівае «разлажэньне рэжыму», якое выяўляе яго сапраўдную прыроду з кожным наступным актам рэпрэсій. Адсюль і ідэя кампаніі: падтрымліваючы незалежных журналістаў, мы дазваляем ім паказаць сьвету, што «дыктатар голы», — гаворыць кіраўніца тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы.

За чатыры апошнія месяцы ў Беларусі арыштавалі 368 журналістаў, палову арыштаваных асудзілі, 80 журналістаў зьняволілі ня менш як на тры дні, 7 журналістаў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці або атрымалі пагрозы такога перасьледу.

У сьледчых ізалятарах цяпер знаходзяцца прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці журналісткі Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч. Іх прызналі палітвязьнямі.