Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да бацькоў палітзьняволенай Чульцовай прыходзілі зь ператрусам, Андрэева ў СІЗА перанесла алергічны прыступ


Палітзьняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.
Палітзьняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч.

Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Абедзьвюх затрымалі 15 лістапада пасьля стрыму ў доме на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» і трымаюць у Сьледчым ізалятары. Праваабаронцы прызналі іх палітзьняволенымі.

У матчынай кватэры, дзе прапісаная Дар’я Чульцова, апэратыўнікі шукалі бел-чырвона-белую сымболіку і прыкметы каардынацыі ёю несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі празь сеціва. Пра гэта гаворыцца ў тэлеграм-канале Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле пастановы аб ператрусе ўвага апэратыўнікаў была засяроджаная на «выяўленьні прыладаў і сродкаў злачынства ды маёмасьці, здабытых злачынным шляхам, якія маюць значэньне для крымінальнай справы». Дазвол на правядзеньня ператрусу далі ў Фрунзенскім райаддзеле Сьледчага камітэту 17 лістапада, а сам ператрус правялі 10 сьнежня.

Сястра журналісткі Настасься сказала Свабодзе, што «нічога злачыннага» міліцыянты не знайшлі: Дар’я даўно не жыве ў маці і нават ня мае ў гэтай кватэры сваіх рэчаў.

Паводле Настасьсі, за амаль месяц зьняволеньня ад Дар’і пакуль прыйшоў толькі адзін ліст. У ім яна напісала, што «здаровая фізычна і маральна», пытаецца, ці ўсё ў парадку ў сям’і.

Настасься кажа, што арышт Дар’і цяжка перажывае маці: «сядзіць на таблетках».

Дар’я Чульцова родам са Шклова. Ёй 23 гады. Яна скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працавала ў мясцовых інтэрнэт-выданьнях. Ад 2019 году супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». У Магілёве двойчы яе штрафавалі за працу без акрэдытацыі. У верасьні 2020 году перабралася ў Менск.

Палітзьняволеная Кацярына Андрэева перанесла алергічны прыступ

У адной справе з Чульцовай праходзіць журналістка Кацярына Андрэева. Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш паведаміў Свабодзе, што ўчора Кацярыну наведвала адвакатка.

«На мінулым тыдні ў Кацярыны быў моцны алергічны прыступ, давялося лекі калоць унутрымышачна. Пасьля гэтага яе перавялі ў камэру на два месцы зь лепшымі ўмовамі. Цяпер адчувае сябе добра, ня скардзіцца на здароўе. Псыхалягічны стан добры, бадзёры. Каця піша ў лістах, што зьбірае ў турме матэрыял для будучай кнігі», — расказаў Ільяш.

10 лістапада Чульцова і Андрэева, а таксама журналістка парталу Tut.by Кацярына Барысевіч, якая таксама ў зьняволеньні, сталі ляўрэатамі нацыянальнай прэміі 2020 году, а таксама літоўскай «Надзея Свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG