«Загадана не высоўвацца». Што ў Магілёўскай абласной лякарні расказваюць пра візыт Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня шпіталю ў Стоўпцах. 8 сьнежня.

Паводле мэдыкаў, цяпер яго водзяць па лякарні. Не задзейнічанаму пэрсаналу загадалі «не высоўвацца», забаранілі прыяжджаць на сваіх машынах ды мець пры сабе пашпарты.

За колькі дзён да візыту на тэрыторыі мэдычнай установы працавалі супрацоўнікі спэцслужбаў.

Крыніцы з мэдычнага асяродзьдзя паведамляюць, што Лукашэнку чакалі ў лякарні 11 сьнежня. Аўральна зрабілі касмэтычны рамонт у аддзяленьні кардыялёгіі, цяпер перададзеным для хворых на каранавірус. У ім замянілі плітку і перафарбавалі. У сацыяльных сетках пішуць, што напярэдадні для лякарні закупілі ложкі з прадпрыемства «Ольса», якое спэцыялізуецца на вырабе такой прадукцыі. Пацьвердзіць гэту інфармацыю нам не ўдалося.

Паводле мэдыкаў, зь якімі пагаварыла Свабода, абласная лякарня, у адрозьненьне ад іншых гарадзкіх лякарняў, мае неабходнае дыягнастычнае абсталяваньне. Хапае і пэрсаналу. Разам з тым, адзначаюць лекары, паўгода таму ў ёй зламаўся ангіёграф — апарат, які дыягнастуе стан сасудаў. Пацыентаў, якім неабходная дыягностыка на ім, возяць на рэанімабілях у шпіталь хуткай дапамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія спартоўцы расказалі пра катаваньні і заражэньне каранавірусам падчас арыштаў. ВІДЭА

У верасьні 2020 году Магілёўскай абласной лякарні надалі статус «клінічнай» і паабяцалі ў 2021-м адкрыць кардыялягічны корпус. У кастрычніку на сайце ўстановы зьявілася паведамленьне, што ў сувязі зь «неспрыяльным эпідэмічным становішчам, адпаведна загаду абласнога ўпраўленьня аховы здароўя яна перапрафілюецца для працы з пацыентамі, якія перанесьлі COVID-19. Прыём хворых кардыялягічнага і нэўралягічнага профілю часова прыпынілі.

Пра колькасьць хворых на каранавірус у Магілёве і вобласьці афіцыйных зьвестак няма. Ад 4 лістапада гарвыканкам увёў абавязковы масачны рэжым у горадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзень у Беларусі ад COVID-19 памерлі 10 чалавек