У Менску васямнаццатую нядзелю запар прайшлі акцыі пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах сталіцы адбыліся дзясяткі «Маршаў народнага абвінавачваньня», у самых буйных зь іх удзельнічала некалькі соцень чалавек.
Чацьвёртую нядзелю запар акцыі пратэсту праходзілі у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі да вызначанага ў кожным мікрараёне пункту.
Паводле «Нашай Нівы», у розных мікрараёнах Менску, пасёлках Менскага раёна і гарадах-спадарожніках прайшло больш як 120 мясцовых акцый і шэсцяў. Колькасць удзельнікаў нідзе не дасягнула тысячы.
Разам з тым у Менску ўпершыню за доўгі час не закрывалі станцыі мэтро, не адключалі мабільны інтэрнэт, сілавікі не перакрывалі дарогі.
Сярод тэхнікі сілавікоў заўважылі вадамёты (у Менску —3°С), але супраць дэманстрантаў не ўжывалі спэцсродкаў. Прытым сілавікі чынілі лякальныя затрыманьні і напады на пратэстоўцаў на вуліцах і ў дварах. Затрыманых білі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёртая нядзеля дваровых маршаў. Што адбываецца ў Беларусі на 127-ы дзень пратэстаўПраваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў каля 200 затрыманых падчас акцый пратэсту сёньня.
У Берасьці ў чарговы раз затрымалі 63-гадовую Алену Гнаўк. У Менску сілавікі спынілі вядомага ўдзельніка акцыяў пратэсту 84-гадовага паэта Яна Грыба, але пазьней адпусьцілі. У сталіцы сілавікі таксама затрымалі карэспандэнта тэлеканалу «Белсат» Станілава Івашкевіча. У Смалявічах міліцыя «памылкова» затрымала цэлую клясу школьнікаў, але пазьней іх адпусьцілі з пастарунку. Пазьней зьявілася інфармацыя аб затрыманьні яшчэ двух журналістаў: фатографа Генадзя Верацінскага і выпускаючага рэдактара рэсурсу Onliner Мікалая Градзюшкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 300 чалавек затрымалі падчас нядзельных маршаў пратэсту ў БеларусіАкцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Наваградку, іншых гарадах і мястэчках Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшлі раённыя маршы і затрыманьні каля каляднага кірмашуПрыхільнікі перамен цягам 127 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.