У Горадні анансавалі збор на нядзельны марш на Савецкай плошчы, дзе пачаў працаваць сьвяточны кірмаш. Людзям прапанавалі прыходзіць без сымболікі.
Удзень каля Савецкай плошчы стаялі міліцэйскія аўтобусы і мікрааўтобусы без пазнакаў, экіпажы ДАІ. Па Савецкай плошчы і Савецкай вуліцы хадзілі міліцыянты ў форме і міліцэйскае начальства ў цывільным.
На кірмашы і на Савецкай вуліцы было відаць людзей у адзеньні белага і чырвонага колераў, нехта надзеў чырвоны капялюш Сьвятога Мікалая, хадзілі жанчыны зь бел-чырвона-белымі парасонамі.
Невялікая група людзей прайшла па Савецкай вуліцы, яны пляскалі ў ладкі, гукалі «Жыве Беларусь!». Да іх пад’ехаў мікрааўтобус, людзі ў цывільным затрымалі прынамсі двух хлопцаў. Відавочцы паведамлялі таксама пра затрыманьні на Савецкай плошчы і на вуліцы Белыя Росы.
На марш па раёне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і воклічамі «Лукашэнку ў аўтазак» выйшлі жыхары мікрараёну Фарты.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.