Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Дар’я Бялькевіч

Страйк студэнтаў БДУ, 26 кастрычніка 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Дар’я Бялькевіч:

Першая цытата, якой я б хацела падзяліцца, гэта страфа з верша Максіма Багдановіча (у якога 9 сьнежня быў дзень нараджэньня).

Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць,
Хвалі ж ракі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць.

Дарэчы, радкі з гэтага верша (але зь іншай страфы) вісяць у пакоі Ўладзімера Караткевіча разам з партрэтам Багдановіча (Крыкі пужлівых людзей, Не стрымаюць хай бітвы размах…).

Яшчэ адна цытата, якую я апошнім часам узгадваю, гэта цытата пісьменьніка, перакладчыка і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру — Карласа Шэрмана.

…Найвялікшай каштоўнасьці — свабоды — трэба дамагацца сёньня. Дзеля годнае будучыні.

Гэтая цытата з кнігі мэмуараў Шэрмана, якая павінна выйсьці ў студзені 2021 году пад назвай «Блуканец».

Трэцяя цытата, якая вельмі адгукнулася, — з фільму «Царства нябеснае»:

Кароль можа патрабаваць падпарадкаваньня, бацька — паслухмянасьці, але запомні, хто б ні быў гаспадаром, уладыкам, ты адзін у адказе за сваю душу. І як бы ты ні гуляў, хто б табою «не гуляў», твая душа ў тваіх руках; нават калі над табой стаялі каралі і ты выконваў іх волю, перад Богам ты ня зможаш сказаць: «Мне загадвалі паступаць так», ці «Гонар і годнасьць тады былі ня ў модзе» — гэта ня будзе апраўданьнем. Запомні гэта.

Дар’я Бялькевіч — паэтка, каардынатарка праектаў Беларускага ПЭН-цэнтру.

Выбар рэдакцыі:

You cannot build character and courage by taking away man’s initiative and independence.

Нельга даць чалавеку характар і мужнасьць, адабраўшы ў яго ініцыятыву і незалежнасьць.

(Абрагам Лінкальн)

We, the people give our nation its character — and character flaws.

Мы, народ, даем нашай нацыі яе характар — і заганы характару.

(Кален Гайтаўэр)

Абрагам Лінкальн (Abraham Lincoln, 1809–1865) — 16-ы прэзыдэнт ЗША. Кален Гайтаўэр (Cullen Hightower, 1923–2008) — амэрыканскі аўтар дасьціпных выказваньняў і прымавак.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Ганна Комар
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць