Пра свой намер герарх, якога беларускія ўлады ад канца лета не ўпускаюць у краіну, сказаў у інтэрвію каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KAI.
«Я ведаю, што нунцый Антэ Ёзіч працягвае гаварыць пра мяне ўладам, а таксама што за сытуацыяй пастаянна сочыць Дзяржаўны сакратарыят Сьвятога пасаду. Аднак 3 студзеня мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна падаю ў адстаўку, прашэньне неўзабаве перашлю нунцыю», — паведаміў ён.
Паводле кодэксу кананічнага права Рымска-каталіцкай царквы дыяцэзіяльнаму біскупу, якому споўнілася 75 гадоў, прапануецца падаць прашэньне аб адстаўцы з пасады пантыфіку, які прыме сваё рашэньне.
Больш за тры месяцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ня можа вярнуцца на радзіму. Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёлу заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а чыноўнікаў — пачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях.
У канцы жніўня Аляксандар Лукашэнка параіў прадстаўнікам розных канфэсіяў ня ўмешвацца ў пытаньні палітыкі, заявіўшы, што «дзяржава абыякава на гэта глядзець ня будзе».
31 жніўня памежнікі не прапусьцілі Тадэвуша Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычын. Пасьля было заяўлена, што МУС прызнала ягоны пашпарт несапраўдным, вядзецца праверка на наяўнасьць замежнага грамадзянства.
Аляксандар Лукашэнка вінаваціў Тадэвуша Кандрусевіча ў тым, што той нібыта выяжджаў у Польшчу «для кансультацыяў».
Цяпер мітрапаліт Менска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Сьвятога Антонія ў Саколцы на мяжы зь Беларусьсю.