Ніна Багінская — «Чалавек Cвабоды – 2020»

Ніна Багінская на маршы пэнсіянэраў у Менску 19 кастрычніка

Ніна Багінская, «чые сьцягі застануцца ў гісторыі Беларусі», стала ляўрэаткай прэміі «Людзі Cвабоды – 2020».

Беларуская служба Радыё Свабода штогод уручае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, сьвету.

Папярэднія ляўрэаты:

Ніна Багінская падчас уручэньня прэміі

«Шкада, што часы сталінізму паўтараюцца цяпер у пэўным сэнсе. Але ёсьць спадзеў, што неўзабаве мы ўсе будзем жыць у дэмакратычнай краіне зь дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам і беларускай мовай, якая загучыць паўсюдна, — сказала Ніна Багінская, атрымліваючы ўзнагароду. — Я веру, што другі віток адраджэньня, якое пачалося ў 1991 годзе, спраўдзіцца і мы ўрэшце пераможам. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паназіраць за ўсімі тымі людзьмі, якія ўпадабалі нашыя гістарычныя бел-чырвона-белыя колеры і паўсталі пад імі».

Па словах ляўрэаткі, калі Беларусь захавае бел-чырвона-белы сьцяг, яна захавае і незалежнасьць. «Цяпер у пастарунках нашыя сьцягі зьневажаюць, але гэта пройдзе. Народу больш, чым гэтых служак рэжыму. Дзякуй усім, хто ня толькі ў Беларусі, але ва ўсіх канцах сьвету выходзіць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі».

Your browser doesn’t support HTML5

Ніна Багінская – «Чалавек Cвабоды – 2020»

Паводле дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука, бязь Ніны Багінскай «цяжка ўявіць палітычную гісторыю Беларусі і Менску».

Аляксандар Лукашук віншуе Ніну Багінскую

«Здаецца, вас ведаюць усе, ад міліцыянта ў балаклаве да кіраўніка дзяржавы ў тэлевізары, ад удзельнікаў пратэстаў у Менску да ўсіх, хто сочыць у сьвеце за драматычнымі падзеямі ў Беларусі. Тут у Празе на Радыё Свабода пасьля шматлікіх інтэрвію, рэпартажаў добра вядомыя ваша імя і ваш твар, але паведамлю вам адну тайну: яшчэ больш вядома, як вы выглядаеце са сьпіны.

Тое самае фота Ніны Багінскай аўтарства Яўгена Атцецкага

15 гадоў таму мы праводзілі конкурс на найлепшае фота Свабоды, і нам тады чытачы прыслалі каля 10 тысяч фатаздымкаў. І вось пераможцам стаў фотаздымак Яўгена Атцецкага, на якім мініятурная фігура жанчыны ў цёмным паліто і капелюшы з высокім бел-чырвона-белым сьцягам у руках стаіць насупраць ланцуга міліцыянтаў на прыступках каля катэдральнага сабора на Нямізе. Твару не відаць; мы ня ведаем, хто гэтая гераіня. У небе вецер ірве аблокі, сьцяг лунае высока над галовамі, і два сьветы — свабоды і няволі — глядзяць адзін аднаму ў вочы. Гэта надзвычай напружаная дынамічная карціна, якая нагадвае рамантычны жывапіс ХІХ стагодзьдзя.

Я нават завёз гэты фатаздамак у Вашынгтон і там у рамачцы падарыў былому амбасадару Майклу Козаку, і ён вісеў (і, можа, і цяпер вісіць) у адным з будынкаў комплексу Белага дома. І вось гэты здымак Свабода павялічыла да гіганцкіх памераў, 2 на 1 мэтар, і ён ужо 10 гадоў вісіць на сьцяне перад уваходам у мой офіс», — сказаў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода.

Багінская назвала славуты здымак Яўгена Атцецкага «сымбалем дзяржавы нашай Беларусі» і расказала, што слала копіі гэтага здымка многім палітычным зьняволеным у турмы і ізалятары.

Што трэба ведаць пра Ніну Багінскую

«Чалавек-сьцяг» — 75-гадовая пэнсіянэрка Ніна Багінская стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя.

  • Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты.
  • Расла ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі, бацькі мелі беларускамоўных сяброў, расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х.
  • Працавала чарцёжніцай у Інстытуце геалёгіі, займалася веласпортам.
  • Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах.
  • Яна адна з рэкардсмэнаў па колькасьці штрафаў — больш за 16 тысяч даляраў, якія яна прынцыпова адмаўляецца плаціць. За гэта ў яе апісалі два лецішчы і штомесяц забіраюць палову пэнсіі.
  • Ня мае мабільнага тэлефона, не карыстаецца інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар з прычыны кепскага зроку. Затое выпісвае незалежныя газэты.
  • Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях.
  • Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
  • Словы актывісткі амапаўцу «Я гуляю» сталі лёзунгам мірных пратэстаў і інтэрнэт-мэмам.
  • Сама Багінская стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для мастакоў, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі ў Беларусі.
  • У верасьні 2020 году фатаздымкі актывісткі апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
  • Паводле актывісткі, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь.
  • У кастрычніку, камэнтуючы пратэсты, Аляксандар Лукашэнка загадаў «не забіраць Багінскую з плошчаў», назваў яе перакананым чалавекам. Пасьля гэтага актывістку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі без пратаколаў.
  • Мае двух дзяцей, унукаў і праўнукаў.