У інтэрвію Myfin экспэрт выказаў перакананьне, што канец Аляксандра Лукашэнкі прадчуваюць нават ягоныя падначаленыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыбытак дзяржаўных арганізацыяў у Беларусі за год упаў на 6,4 мільярда рублёўЛукашэнка напярэдадні даў чыноўнікам загад дамагчыся станоўчай дынамікі па ўсіх кірунках эканомікі. Пры гэтым ён заявіў, што адсылкі на крызіс сусьветнай эканомікі і пандэмію каранавірусу прымацца ня будуць. Акрамя таго, ён палічыў неабходным «выпрацаваць мэханізм стрымліваньня цэнаў па ўсіх кірунках і парамэтрах», змагацца з дэфіцытам бюджэту, працаўладкаваць беспрацоўных.
Леанід Заіка лічыць гэтыя і іншыя патрабаваньні Лукашэнкі невыканальнымі.
«Указаньні Лукашэнкі аб эканоміцы ў 2021-м выкананыя ня будуць — ён так доўга не працягне».
На думку Леаніда Заікі, сучасная беларуская эканоміка мае такі малы адсотак у эканоміцы плянэты, што «прымаць якія-небудзь рашэньні аб тэмпах разьвіцьця ва ўмовах усеагульнай дэглябалізацыі — сьмешна».
Пра нейкае асобнае ад агульных тэндэнцый цэнаўтварэньне гаварыць таксама не выпадае.
«Цэны на халадзільнікі, пральныя машыны, ды і на ўсе іншыя тавары вызначаюцца сусьветным рынкам і зусім не ў беларускіх рублях. І калі за імі пачне сачыць, напрыклад, начальнік менскага АБЭЗу, гэта ніякім чынам не паўплывае на іх узровень».
Эканаміст кажа, што адзіным шляхам пэўнага скарачэньня дэфіцыту ёсьць перапрацоўка і спэкуляваньне на нафце, атрыманай з Расеі. Аднак, «на 90% сытуацыя будзе разьвівацца ў кантэксьце таго, як Пуцін будзе трываць Лукашэнку».
Змаганьне Лукашэнкі з дармаедамі Заіка таксама называе бессэнсоўным. Тактыка паставіць «замест аднаго дворніка двух» не прынясе плёну. На думку эканаміста, трэба займацца не стварэньнем падобных працоўных месцаў, а заменай некваліфікаванай працы стварэньнем рабатызаваных працоўных месцаў.
Леанід Заіка перакананы, што ўсе пасяджэньні Лукашэнкі з чыноўнікамі «ня маюць ніякага дачыненьня да будучыні Беларусі». Па словах экспэрта, падначаленыя з кожным днём усё больш гэта ўсьведамляюць.
«Зьбірае ён свой „актыў“ і „ставіць задачы“, а гэтыя людзі адчуваюць, што ўсё скончылася».