Чэская праваабаронца, экс-амбудсмэн Анна Шабатава напісала палітвязьню Ігару Лосіку і яго жонцы Дар'і

Білборд у Чэхіі ў падтрымку Ігара Лосіка

У лісьце выказваецца надзея на хуткае вызваленьне фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода ў справе новых мэдыя блогера Ігара Лосіка, які знаходзіцца за кратамі.

Ігара арыштавалі 25 чэрвеня і абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да парушэньня грамадзкага парадку» перад выбарамі. Супраць яго завялі крымінальную справу.

У лісьце да Дар’і Лосік, жонкі Ігара, Анна Шабатава выказвае захапленьне мужнасьцю беларусаў, якія ўжо некалькі месяцаў патрабуюць павагі да сваіх дэмакратычных правоў, і сьцьвярджае, што вялікая колькасьць людзей у Чэхіі сочаць за лёсам сям’і Лосікаў. Таксама Анна Шабатава расказвае Дар’і, што 41 год назад камуністычнымі ўладамі Чэхіі быў арыштаваны яе муж Пэтр Угл, і яна таксама на доўгі час засталася адна з дваімі дзецьмі, якім было два з паловай і чатыры гады.

Анна Шабатава выказвае надзею, што ўлады дазволяць нарэшце спатканьне Дар’і з мужам, і выказвае надзею на яго хуткае вызваленьне.


Паводле рашэньня суду, тэрмін знаходжаньня Ігара Лосіка за кратамі быў працягнуты да 25 сьнежня 2020 году. Ігар зьняволены ў турме гораду Жодзіна. Ягоныя жонка і дачка жывуць у Баранавічах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Менску адмовіўся вызваліць блогера Ігара Лосіка. Ён за кратамі больш за 4 месяцы