Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Менску адмовіўся вызваліць блогера Ігара Лосіка. Ён за кратамі больш за 4 месяцы


 Ігар Лосік, архіўнае фота.
Ігар Лосік, архіўнае фота.

2 лістапада прайшло паседжаньне суду Партызанскага раёна Менска па скарзе адваката Ігара Лосіка на ўтрыманьне пад вартай.

13 кастрычніка блогеру і кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку, якога прызналі палятвязьнем, працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы. Паводле рашэньня сьледчых Ігар павінен знаходзіцца ва ўмовах Жодзінскай турмы да 25 сьнежня 2020 году.

Сёньня адбылося судовае паседжаньне па скарзе Ігаравага адваката на падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай. Скаргу разглядаў суд Партызанскага раёну Менску. Судзьдзя Тацяна Алейнікава адхіліла довады абароны і адмовілася вызваліць Ігара з-пад варты.

Цягам сутак адвакат зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.

Ігар Лосік раней скардзіўся на холад і кепскія пабытовыя ўмовы ў жодзінскім ізалятары і блякаваньне перапіскі з калегамі і сябрамі.

Пабытовыя ўмовы ў яго цяпер крыху палепшыліся, прынамсі ў турме ўключылі ацяпленьне, лепей стала і зь перапіскай, да Ігара пачалі даходзіць лісты, у тым ліку ад сяброў і калегаў. На ўсе лісты і паштоўкі ён стараецца адказваць.

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкула за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.

Канкрэтных скаргаў па здароўі ў Ігара Лосіка няма, ён прымае мэдыкамэнты, якія яму патрэбныя, але агулам знаходжаньне пад вартай кепска паўплывала на стан ягонага здароўя.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG