Выканаўчы камітэт МАК вырашыў:
- Выключыць абраных членаў Выканаўчага савета НАК Беларусі з усіх мерапрыемстваў МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. Сюды ўваходзіць, у прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка ў якасьці прэзыдэнта НАК і законнага прадстаўніка НАК; Віктар Лукашэнка ў якасьці першага віцэ-прэзідэнта НАК і асобы, якая штодня адказвае за дзейнасьць НАК; Дзьмітры Баскаў у якасьці чальца Выканаўчага камітэту НАК і з улікам канкрэтных абвінавачаньняў, вылучаных супраць яго. З 13 чальцоў Выканаўчага камітэту НАК Беларусі гэтае выключэньне не датычыць толькі Тацяны Драздоўскай.
- Прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэньнем выплат, зьвязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Токіё 2020 і зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне 2022. Усе алімпійскія стыпэндыі для беларускіх спартоўцаў цяпер будуць выплачвацца непасрэдна спартоўцам, а не праз НАК.
- Папрасіць адпаведныя міжнародныя фэдэрацыі гарантаваць, каб усе беларускія спартоўцы, якія маюць права на ўдзел, маглі ўдзельнічаць у кваліфікацыйных мерапрыемствах да Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі.
- Прыпыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт правядзеньня будучых мерапрыемстваў МАК.
- Папрасіць усіх удзельнікаў Алімпійскага руху паважаць гэтыя захады ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартоўцаў і рэпутацыі Алімпійскага руху.
«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — пракамэнтаваў рашэньне прэзыдэнт МАК Томас Бах.
Бах таксама сказаў, што Міжнародная федэрацыя хакею абмяркуе пытаньне пра ролю Беларусі ў найбліжэйшыя дні.
Латвія, якая мелася праводзіць чэмпіянат сьвету па хакеі 2021 году разам зь Беларусьсю, публічна дыстанцыявалася ад супрацоўніцтва з гэтай краінай пасля спрэчных выбараў. МФХ таксама «ініцыявала працэдуру» супраць беларускага чыноўніка, што ўваходзіць у яе кіруючы камітэт, сказаў Бах, якога цытуе агенцтва AP.
Рэакцыі МАК на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі дамагаліся спартоўцы зь Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт разглядае магчымае парушэньне Алімпійскай хартыі ў Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік фэдэрацыі Даніі: Калі гісторыя з Баскавым акажацца праўдай, то гэта несумяшчальна з правядзеньнем ЧС ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсаваныя атлеты змогуць выступіць на Алімпіядзе, — Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці