Трэцюю нядзелю запар акцыі пратэсту праходзяць у лякальным фармаце. Менчукі зьбіраюцца ў дварах і далей ідуць калёнамі да вызначанага ў кожным мікрараёне пункту.
- Дзень пачаўся з калён спэцтэхнікі ў розных раёнах Менску. Улады закрылі тры станцыі мэтро ў цэнтры гораду, прыкладна праз гадзіну іх адкрылі.
- Карыстальнікі мелі праблемы з працай мэсэнджара Telegram. У розных раёнах Менску і іншых гарадах прынамсі на 15 хвілін зьнік мабільны і стацыянарны інтэрнэт.
Мяркуючы па відэа, шматлюдныя дэманстрацыі ў Менску адбыліся ў менскім Уруччы, Сухараве, Лошыцы, ля Камароўскага рынку, у Грушаўцы, на Старажоўцы, Партызанскім праспэкце і інш. Людзі скандавалі: «Далучайся!», «У Новы год без дыктатуры!», «Лукашэнку ў аўтазак!» і «Верым, можам, пераможам!»
Групы сілавікоў на мікрааўтобусах зьяўляліся ў месцах збору людзей, пачыналі разгоны і затрыманьні. У розных раёнах Менску разам зь сілавікамі заўважылі кінолягаў з сабакамі. Прэс-служба ўнутраных войскаў пракамэнтавала, што «сабака выступае як фактар стрыманьня для чалавека».
Менская міліцыя паведаміла, што падчас нядзельных пратэстаў затрымалі каля 300 чалавек. З Маскоўскага РУУС Менску трох затрыманых мужчын павезьлі пад канвоем машыны хуткай дапамогі.
Сярод затрыманых былі 79-гадовая мянчанка Ларыса Соўсь (пазьней яе вызвалілі), паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, хірург Менскай абласной дзіцячай бальніцы Артур Ермаркевіч, намесьнік дэкана факультэта факультэта інфармацыйных камунікацый БДТУ Раман Азарчык. У Горадні на некалькі гадзін затрымлівалі журналістаў БелаПАН Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча (выпусьцілі зь Ленінскага РАУС без пратаколаў).
Праваабаронцы і валянтэры абнаўляюць сьпісы затрыманых і падрабязнасьці тут і тут.
Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Берасьці, Горадні, Гомлі, Віцебску, іншых гарадах і мястэчках Беларусі.
Прыхільнікі перамен цягам 113 дзён працягваюць патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых сумленных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, а таксама адказнасьці за зьбіваньне і катаваньне мірных дэманстрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя нядзеля дваровых маршаў. Што адбываецца ў Беларусі на 120-ы дзень пратэстаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Маршы волі» ў Менску затрымалі больш за 300 чалавек, — міліцыя