4 сьнежня стала вядома пра далучэньне да страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, новых выбараў і вызваленьня палітвязьняў яшчэ трох асобаў.
Да страйку далучыўся работнік «Нафтана» Сяргей Скіба, які 17 гадоў працаваў на прадпрыемстве, інфармуе тэлеканал «Белсат». Скіба – вядомы спартовец, ён трохразовы чэмпіён сьвету і васьміразовы ўладальнік Кубка сьвету, пераможца чэмпіянатаў Эўропы і іншых топавых турніраў у кікбоксінгу і тайляндзкім боксе.
Да страйку ў пятніцу далучыліся таксама два жыхары Салігорску. Гэта супрацоўнік «Беларуськалію» Дзьмітры Прывалаў, паведамляе тэлеграм-канал страйкаму прадпрыемства, і майстар мясцовага «Водаканалу» Сяргей Крыж.
Пра далучэньне да страйку заявілі таксама работніца ААТ «Полацак-Шкловалакно» Людміла Каляда і два работнікі ААТ «Нафтан» — Андрэй Шкірэнка і Аляксандар Капшуль.
3 сьнежня з «Нафтану» звольнілі начальніцу аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў Вольгу Брыцікаву, якая брала актыўны ўдзел у арганізацыі страйкаму прадпрыемства.
Таксама 3 сьнежня перадалі ў суд крымінальную справу супраць чатырох рабочых Беларускага мэталюргічнага заводу.
У лістападзе «Беларуськалій» звольніў 49 страйкоўцаў. Іх звольнілі фармальна за прагулы, бо суд Менскай вобласьці ў верасьні пастанавіў, што страйк незаконны.
Кіраўніцтва прадпрыемства ў афіцыйным тэлеграм-канале прыгразіла звольніць і астатніх страйкоўцаў, «якія адмаўляюцца ад выкананьня сваіх працоўных абавязкаў».
Паводле тэлеграм-каналу страйкоўцаў «Беларуськалію», у страйку ўдзельнічаюць каля 100 чалавек. На «Беларуськаліі» працуюць больш за 16 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Усе больш заклапочаныя». Адзін з найбуйнейшых пакупнікоў калію, кампанія Yara, — пра сытуацыю ў БеларусіУ Жлобіне затрымалі ўдзельніка страйку на БМЗ. Завялі крымінальную справуНа Магілёўшчыне зь вясковага настаўніка, які падтрымаў агульнанацыянальны страйк, спаганяюць сродкі за навучаньнеСпыніўся страйк і вырасьлі заробкі. Што адбываецца на «Гродна Азот»На «Беларуськаліі» яшчэ адзін шахтар далучыўся да страйку і застаўся ў забоі. Раніцай яго вывезьлі з шахты