Адміністрацыя мясцовай школы спыніла зь ім працоўныя адносіны неўзабаве пасьля таго, як ён са сваёй каляжанкай і сваячкай Натальляй Крушавай падтрымалі агульнанацыянальны страйк, да якога заклікала Сьвятлана Ціханоўская. Яны ня выйшлі на працу, а затым апублікавалі ў сацыяльных сетках відэазварот, у якім выказалі сваё стаўленьне да перасьледу выкладчыкаў і студэнтаў за іншадумства. Фармальнай прычынай звальненьня кіраўніцтва навучальнай установы назвала «прагул без уважлівых прычын».
У школе аграгарадка 23-гадовы Аляксандар Крушаў адпрацоўваў разьмеркаваньне па сканчэньні ўнівэрсытэту. Больш за два гады вучыў мясцовую дзятву матэматыцы ды інфарматыцы. Па ягоных словах, абавязаны быў адпрацаваць у школе, каб не было прэтэнзіяў ад дзяржавы за навучаньне, 3 гады і 9 месяцаў.
У Аляксандра двое непаўналетніх дзяцей: большаму 2 гады, меншаму 9 месяцаў, жонка дэкрэтніца. Працы знайсьці ня можа. Прызнаецца, што грошай, якія зь яго хочуць спагнаць, у яго няма, і маёмасьці, якую можна было б прадаць, таксама.
«З голаду мы не памром, бо жывём у сельскай мясцовасьці і зямля ежу дасьць, — кажа Аляксандар. — Але такіх грошай мне і маёй сям’і не сабраць. Спадзяюся на дапамогу неабыякавых людзей».