Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне затрымалі ўдзельніка страйку на БМЗ. Завялі крымінальную справу


 Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін.
Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін.

У Жлобіне 27 лістапада затрымалі і зьмясьцілі пад арышт сябра Беларускага незалежнага прафсаюза сьлесара-рамонтніка БМЗ Ігара Поварава.

Затрымалі яго паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства, якой выявілася ў арганізацыі пратэсту і страйку на Беларускім мэталюргічным заводзе, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы паведамляюць, што крымінальны перасьлед пагражае яшчэ як мінімум траім працаўнікам БМЗ.

«У пастанове аб распачынаньні крымінальнай справы паведамляецца, што Яўген Гоман, Павел Магідаў, Аляксандр Баброў, Ігар Повараў разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі 17 жніўня на тэрыторыі БМЗ, «арганізавалі правядзеньне незаконных групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады».

Паведамляецца, што яны спынілі рух тэхналягічнага транспарту, які ажыцьцяўляе дастаўку сыравіны (металашыхты) у сталеплавільныя цэхі, што пацягнула парушэньне працы БМЗ, якое выявілася ў прыпыненьні выплаўкі сталі на дугавых электраплавільных печах. У выніку прадпрыемству нанесены ўрон на суму 1088 рублёў 29 капеек.

Сьледчы Азяўчыкаў пастанавіў распачаць у дачыненьні да гэтых работнікаў БМЗ крымінальную справу па факце зьдзяйсьненьня сумесна з іншымі асобамі злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

14 жніўня на тэрыторыі БМЗ адбыўся мітынг, які прайшоў легальна. Адміністрацыя тады запэўніла, што калі калектыў прадпрыемства зьбярэ 2/3 подпісаў за страйк, то ён будзе законным. На гэта ж людзі разьлічвалі і на мітынгу 17 жніўня. Аднак у нейкі момант адной з машын быў заблякаваны рух транспарту ўнутры прадпрыемства. У выніку ўсе тры сталеплавільныя печы былі спыненыя. Неўзабаве печы зноў пачалі працаваць.

Прычынай страйку на БМЗ сталі ня толькі жорсткія дзеяньні сілавікоў, але і фальсыфікацыі вынікаў выбараў у Жлобіне, пацьверджаныя праектам «Голас».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG