«Прызнаю сваю віну». Абвінавачаныя за надпіс «Не забудзем» на Пушкінскай выступілі з апошнім словам

Максім Паўлюшчык падчас судовага працэсу

Прысуд па справе Максіма Паўлюшчыка і Марыі Бабовіч будзе агучаны 8 сьнежня.

У Фрунзэнскім судзе Менску працягваецца працэс над палітвязьнямі: 26-гадовым Максімам Паўлюшчыкам і 25-гадовай Марыяй Бабовіч за аднаўленьне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ля мэтро «Пушкінская».

Сёньня яны выступілі з апошнім словам. Іх справу разглядае судзьдзя Юлія Блізьнюк.

У апошнім слове Максім Паўлюшчык сказаў, што прызнае сваю віну і што маляваў надпіс, ня думаючы, што за гэта будзе крымінальная адказнасьць. Ён сказаў, што яму сорамна перад роднымі за свой учынак, папрасіў прабачэньня і сказаў сваёй цяжарнай сужыцельцы, якая знаходзілася ў залі, што зь ёй зарэгіструе шлюб. Паўлюшчык папрасіў судзьдзю даць яму шанец і прызначыць пакараньне ў выглядзе «хіміі» з самым вялікім тэрмінам.

Марыя Бабовіч сказала, што не парушала парадку, і папрасіла не пазбаўляць і не абмяжоўваць яе свабоды, даць шанец стаць на правільны шлях.

Марыя Бабовіч падчас працэсу

Супраць Паўлюшчыка і Бабовіч распачалі справу за хуліганства і наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, што пацягнула за сабой шкоду ў буйным памеры — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. На першым пасяджэньні суд адхіліў хадайніцтва абароны аб вызваленьні абвінавачаных з-пад варты, яны сядзяць у клетцы пад аховай.

Дзяржабвінаваўца просіць 2 гады турмы і 1,5 года «хіміі»

2 сьнежня дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык заявіла, што абвінавачаных неабходна часткова апраўдаць па ч. 2 арт. 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці). Аднак яна спаслалася на «хуліганскі матыў» у дзеяньнях падсудных.

Дзяржабвінаваўца папрасіла выключыць з абвінавачаньня фразу «апаганьваньне збудаваньняў цынічнымі надпісамі», бо на судзе не было даказана, што надпіс «не забубем» (у надпісе «Не забудзем» была зробленая памылка. — РС) зьяўляецца цынічным. У абвінавачваньні яна просіць пакінуць «наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва, суправаджаюцца пашкоджаньнем маёмасьці, учыненыя паўторна („паўторна“ — для Максіма Паўлюшчыка, які раней ужо адбываў пакараньне па 339-м артыкуле. — РС) і групай асобаў».

Надпіс «Не забудзем», за які судзяць Максіма Паўлюшчыка і Марыю Бабовіч

Дзяржабвінаваўца запатрабавала для Максіма Паўлюшчыка два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Для Марыі Бабовіч — 1 год 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, а меру стрыманьня ёй зьмяніць на падпіску аб нявыезьдзе і вызваліць у залі суду.

Прадстаўніца «Гаррамаўтадару» на працэсе паведаміла, што прадпрыемства адмаўляецца ад пазову ў зьвязку з тым, што на разьліковы рахунак «Гаррамаўтадару» з боку абвінавачаных паступілі грошы для кампэнсацыі заяўленай шкоды ў 211 рублёў. «Гаррамаўтадар» на першым пасяджэньні заявіў аб зьніжэньні сумы нанесенай шкоды з 7,5 тысячы да 211 рублёў.

Дзяржабвінаваўца папрасіла суд прыцягнуць да адказнасьці «Гаррамаўтадар» за тое, што прадпрыемства не прадставіла загадзя ў праваахоўныя органы зьвесткі аб удакладненьні сумы шкоды. Аднак прадстаўнікі «Гаррамаўтадара» падчас працэсу заявілі, што не атрымлівалі ніякіх дакумэнтаў пра пачатак крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там забілі Тарайкоўскага». Працягваецца працэс за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі пратэстоўца

Яшчэ адзін працэс за надпіс «Не забудзем»

У Менску судзяць некалькі чалавек за аднаўленьне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Сёньня ў Фрунзенскім судзе працягваўся працэс над палітвязьнямі — 42-гадовым бармэнам Дзянісам Граханавым, 25-гадовым адміністратарам велапракату Ігарам Самусенкам і 25-гадовым аўтамыйшчыкам Уладзіславам Гулісам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць чалавек судзяць за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага

Іх таксама абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах — паводле ч. 2 арт. 339 і ч. 2 арт. 218. На першым пасяджэньні «Гаррамаўтадар» зьнізіў суму нанесенай шкоды да 255 руб 99 капеек (раней было 10 182 рублі 52 капейкі). Суд адхіліў хадайніцтва абароны аб зьмене меры стрыманьня на любую іншую, апроч утрыманьня пад вартай. Абвінавачаныя ў залі суду сядзяць у клетцы пад аховай.

Падчас пратэстаў 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. На месцы гібелі зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку.

Забойства Тарайкоўскага і змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

10 жніўня падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» загінуў 34-гадовы мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. Тарайкоўскі стаў першай вядомай ахвярай гвалту сілавікоў падчас пратэстаў.

Агенцтва Associated Press апублікавала відэа, зробленае 10 жніўня 2020 году. На запісе відаць, як ён падае пасьля стрэлаў сілавікоў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада, аднак нічога такога на відэа няма.

Паводле былога намесьніка камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігара Макара, у Тарайкоўскага страляў супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі на дыстанцыі ад 50 мэтраў, хоць да ахвяры было 20–25 мэтраў.

Бацька Тарайкоўскага таксама перакананы, што сына застрэлілі сілавікі.

У лістападзе Сьледчы камітэт прыпыніў праверку па факце сьмерці Тарайкоўскага. Крымінальную справу не распачалі, падазраваных у сьмерці няма. ​

Змаганьне ўладаў з народным мэмарыялам

11 жніўня каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага зьявіўся мэмарыял з надпісам «Не забудзем» на ходніку. Людзі прыносілі да імправізаванага мэмарыялу кветкі і вянкі.

У жніўні камунальнікі пад кантролем міліцыі спрабавалі засыпаць літары пяском і рэагентамі, аднак кожны раз менчукі аднаўлялі надпіс. У верасьні людзі ў масках зафарбавалі надпіс «Не забудзем».

Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу на месцы сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага.

Максім Паўлюшчык (26 год), Уладзіслаў Гуліс (25) — 2 гады калёніі.
Ігар Самусенка (25), ​Дзяніс Граханаў (42) — 1,5 года «хіміі»
Марыя Бабовіч (25) — 1,5 года «хатняй хіміі».