Глядзець размову на youtube-канале Свабода Premium.
Асноўныя тэзісы інтэрвію.
Што важнейшае за перамогу над канкрэтным дыктатарам
Цяпер фантастычны час для ўсіх творчых людзей Беларусі, мастакоў, музыкаў, пісьменьнікаў, кінэматаграфістаў. Я ў асноўным знаёмы з музычнай сцэнай, мне рэгулярна прысылаюць новыя запісы зь Беларусі — песьні, відэакліпы. Я проста ўражаны, якая неверагодная хваля свабодалюбівага натхненьня ўзьнялася ў Беларусі. Гэта нават параўнаць няма з чым. Лічыцца, што ў СССР у 80-я гады была хваля пратэставай музыкі, але ў Беларусі яна нашмат мацнейшая і значна больш сфакусаваная і артыкуляваная, чым гэта было ў СССР у гады краху камуністычнага рэжыму.
Вельмі многія людзі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі яшчэ доўга будуць асэнсоўваць і апісваць гэтыя падзеі. Думаю, што ўвесь беларускі народ, нягледзячы на зьбіцьці, нават сьмерці, кроў, будзе згадваць гэтыя месяцы — пачынаючы з чэрвеня-жніўня 2020 году па... (тут паставім пытальнік) — зь вялізарнай настальгіяй. Гэта вялізарны выбух нацыянальнага натхненьня. Многія ўжо пісалі, што менавіта цяпер нарадзілася беларуская нацыя, рэальная беларуская нацыя, рэальная беларуская грамадзянская супольнасьць. Гэта вялізарнае дасягненьне, можа, нават большае, чым будучая перамога над канкрэтным дыктатарам Лукашэнкам. Гэта тое, чаго, на жаль, дагэтуль няма ў Расеі.
Чаму ў Беларусі няма грамадзянскай вайны
Відавочна, што ані народны пратэст, ані заходняя рэакцыя Лукашэнку не спыняюць, і ён будзе трымацца за ўладу да апошняга. Адзіная магчымасьць утрымаць уладу — утрымаць яе сілай з дапамогай сваіх «галаварэзаў», якія маюць усе паўнамоцтвы зьбіваць, затрымліваць, садзіць у турмы і нават забіваць людзей. Некаторыя кажуць, што гэта грамадзянская вайна. Я так не лічу. Грамадзянская вайна была ў Расеі на пачатку 20 стагодзьдзя, у ЗША ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. Грамадзянская вайна — гэта калі значныя масы людзей з аднаго і з другога боку адстойваюць сваю праўду, сваё бачаньне, якой павінна быць краіна і дзяржава. У дадзеным выпадку беларускі народ у сваёй думцы адзіны, ці амаль адзіны. Паводле розных апытаньняў, ня менш за 90% катэгарычна ня хочуць, каб Лукашэнка заставаўся. І гэта не грамадзянская вайна, а сілавое падаўленьне ўзброенай нікчэмнай меншасьцю практычна ўсяго народу Беларусі.
Пра новыя формы пратэсту
Што рабіць у такой сытуацыі? Магчымыя розныя сцэнары. Не хацелася б, каб барацьба народу набыла нейкія крывавыя формы, каб людзі гінулі. З другога боку, відавочна, што людзі і так гінуць, іх і так зьбіваюць. На самой справе кроў ужо ёсьць. І вельмі хацелася б гэтую кроў мінімізаваць. Я выказаўся на сваім youtube-канале пра тое, што, можа, ня мае сэнсу прадпрымаць масавыя, вулічныя пратэставыя акцыі, а пратэставаць па-іншаму. Гэта значыць — поўнае ігнараваньне патрабаваньняў дзяржавы, пачынаючы ад страйку, нявыхаду на працу, заканчваючы няплатай падаткаў, ненаведваньнем дзяржаўных установаў, у тым ліку крамаў, якія належаць дзяржаве. Усё гэта можа стварыць пэўны каляпс дзяржаўнай, эканамічнай, фінансавай сыстэмы. Добра, каб да гэтага падключыліся больш эфэктыўныя і татальныя санкцыі з боку Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцём Троіцкі распавёў, чаму адгаварыў жонку мяняць беларускае грамадзянства на расейскае
Калі адбудзецца перамога
Перамога дэмакратычнай, народнай рэвалюцыі ў Беларусі — гэта справа часу, а не пытаньне. Гэта можа адбыцца за месяц да новага году, можа адбыцца ўзімку, увесну, улетку. Я думаю, што да лета ўсё дакладна будзе скончана, і Лукашэнку зь яго памагатымі нічога ня сьвеціць. Ён насамрэч асуджаны. У яго атачэньні разумныя, хітрыя, цынічныя людзі павінны гэта разумець. Яны павінны свае грошыкі зьняць і перавезьці ў Расею, Эміраты ці Кітай, сем’і туды адправіць і самі зьехаць, пакуль ня позна. Крах рэжыму можа адбыцца цягам аднаго-двух дзён, і тады складана будзе на мэрсэдэсах, майбахах, BMW і Porsche зь Менску ўцякаць. Тым больш што ўцёкі ў заходні бок выключаныя, а ва ўсходнім кірунку могуць узьнікнуць моцныя заторы. Я б на іх месцы зрабіў нейкія захады ўжо цяпер. Што тычыцца людзей ня вельмі забясьпечаных, найперш сілавікоў — на што яны спадзяюцца, я ня ведаю. Напэўна, вераць у сваю сілу, што Лукашэнка іх абароніць, рэжым пратрымаецца і яны будуць атрымліваць і надалей павышаныя пайкі і заробкі. Дарма яны ў гэта вераць, таму што гэтага ня будзе. Ім будзе нясоладка, але мне іх не шкада.
Якія адкрыцьці будуць чакаць беларусаў у Драздах
Я не знаёмы з матэрыяльным і бытавым бокам жыцьця лукашэнкаўскай эліты. Думаю, што яна крыху бяднейшая за ўкраінскую эліту Януковіча, і ня ўпэўнены, што там будуць залатыя батоны і брыльянтавыя ўнітазы. Думаю, што там будзе пампэзны савецкі стыль, таму што Лукашэнка ў большай ступені кіраўнік савецкага фармату, чым буржуазна-алігархічнага. Нічога супэрэкзатычнага ў Драздах ня знойдуць, толькі што нейкія падарункі ад Кім Чэн Ына ці Нікаляса Мадуры.
Пра падтрымку звонку
Найперш важная маральная падтрымка беларусам з усіх бакоў — з боку расейскіх сумленных людзей, украінцаў, эўрапейцаў, амэрыканцаў. Са зьменай рэжыму ў ЗША амэрыканская падтрымка будзе больш адчувальнай і дзейснай. Правы чалавека — ня самы моцны аргумэнт быў для Дональда Трампа, для Байдэна і ягонай каманды гэта будзе нашмат важней. І са студзеня наступнага году Амэрыка значна больш актыўна будзе ўцягнутая ў беларускі працэс.