Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Троіцкі: Беларусь стане эўрапейскай, Расея – наўрад ці


Арцём Троіцкі
Арцём Троіцкі

Вядомы расейскі журналіст і выкладчык Арцём Троіцкі, які выступіў 15 студзеня ў Вільні ў межах Публічнай дыскусіі ЭГУ, верыць, што Беларусь і Ўкраіна ўрэшце стануць «нармальнымі эўрапейскімі краінамі».

Расея ў Эўропу ня трапіць

«[Беларусь] пройдзе даўжэйшы шлях за краіны Балтыі, мабыць, нават даўжэйшы за Ўкраіну (якая – я ўпэўнены – таксама будзе эўрапейскай краінай), але ўрэшце – я ўпэўнены – зь Беларусьсю ўсё будзе добра. Я вельмі хачу, каб так было, і я ў гэтым не сумняваюся».

Затое пра будучыню Расеі Троіцкі выказаўся зусім не аптымістычна: «Адзіная краіна, наконт якой я маю вялікія сумневы – гэта Расея. Я абсалютна не ўяўляю, што станецца з Расеяй. Для мяне гэта ўсё быццам ахутана вялізнай цёмнай хмарай».

Знаўца расейскай культуры, Троіцкі цяпер жыве ў Таліне і выкладае ў Хэльсынкскім і Талінскім унівэрсытэтах.

Дыскусія, якую мадэраваў прарэктар ЭГУ па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, была прысьвечаная тэмам культурнага і палітычнага сьвету сучаснай Расеі, каранёў грамадзкай падтрымкі ў Расеі, уплыву Расеі на краіны-суседкі і пазыцыі культурнай эліты Расеі.

«Я заўсёды быў аптымістам наконт Расеі, я думаў: шлях гэты доўгі і пакручасты, але рана ці позна Расея стане нармальнай краінай, заснаванай на нармальных эўрапейскіх прынцыпах: міры, свабодзе, радасьці ад добрага жыцьця, – сказаў Троіцкі. – Замест гэтага Расея зноў і зноў даводзіць, што яна асаблівая дзяржава. Таму я надоечы ператварыўся ў пэсыміста. Падобна на тое, што Расея – гэта краіна, якая ніколі напоўніцу не адаптуецца да нармальных эўрапейскіх правілаў».

Антыўтопія стала явай

На думку Троіцкага, найлепшымі спэцыялістамі ў галіне расеязнаўства былі і застаюцца не палітолягі або аналітыкі, а хутчэй дзеячы мастацтва і пісьменьнікі.

«Шмат у чым усё тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, нават да драбніцаў, было прадказана ў аповесьцях Уладзіміра Сарокіна, напрыклад, у "Дні апрычніка"».

Троіцкі прыгадвае: калі дзевяць гадоў таму выйшла кніга Сарокіна, яе ўспрынялі як гумарыстычны раман-антыўтопію. А сёньня, адзначае Троіцкі, мы ёсьць сьведкамі таго, як гратэскныя ідэі кнігі ператвараюцца ў рэчаіснасьць.

«Тады людзі чыталі і сьмяяліся. А цяпер яна чытаецца як газэта», – іранізуе ён.

Рок-вэтэраны не расчаравалі, але шансон перамог

Троіцкі мяркуе, што цяперашняе забурэньне дадатна ўплывае на культуру і творчасьць, гэтаксама як савецкі ўціск спарадзіў яскравае тэатральнае жыцьцё ў 70-х і расейскую рок-сцэну ў 80-х.

«Я маю вялікі досьвед як рок-крытык і музычны прамоўтар. Я магу сказаць дакладна: самым плённым пэрыядам для расейскага року была першая палова 80-х. Гэта быў час, калі паўсталі найвялікшыя асобы ў расейскай музыцы, найвялікшыя паэты свайго пакаленьня. Гэта таксама быў час самага моцнага ўціску рок-музыкі – калі гэтая музыка была фактычна пад забаронай. Людзей арыштоўвалі на канцэртах; прынамсі дзьве ці тры вядомыя рок-зоркі патрапілі ў турму. Але адначасна для музыкі гэта быў час найвышэйшага натхненьня».

Троіцкі лічыць, што больш-менш спакойнае і квітнеючае першае дзесяцігодзьдзе XXI стагодзьдзя для расейскай культуры сталася страчаным дзесяцігодзьдзем – няшмат вартых твораў мастацтва і культуры было створана. З прыходам цяперашняй палітычнай бязладзіцы ў краіне ўсё зьмянілася.

«Я вельмі рады, што тыя самыя рок-вэтэраны, хто зрабіў у Расеі сьпеўную рэвалюцыю ў 80-х – такія людзі, як Шаўчук, Грабеншчыкоў, нават Макарэвіч, – яны зноў на перадавой культурнага пратэсту. Я імі сапраўды ганаруся; я шчасьлівы, што гэтыя хлопцы зноў паказалі, наколькі яны моцныя і таленавітыя», – сказаў Троіцкі.

Рок-музыка, джынсы ды іншыя атрыбуты заходняй поп-культуры адыгрывалі значную ролю ў распадзе Савецкага Саюзу, аднак апошнім часам лад думак большасьці насельніцтва Расеі зьмяніўся ў дыямэтральна процілеглы бок.

«Уплыў Захаду на Расею быў моцным, але неглыбокім, на маю думку. Пачынаючы ад Пятра I, ён заўжды закранаў вельмі тонкі пласт грамадзтва. У XVIII стагодзьдзі – арыстакратыю; у XIX-ым – дваранства і інтэлігенцыю, што заўсёды складала 10–15% грамадзтва. Джынсы – гэта добра, рок-музыка – таксама файна, але ўрэшце рок-музыку перамог расейскі шансон, таму што ён аказаўся бліжэйшы простаму расейскаму чалавеку».

Навальны - самотны герой

Адкрыта крытыкуючы цяперашні рэжым, Троіцкі ня бачыць зьяўленьня апазыцыі, якая б ня проста крытыкавала, але і дзейнічала, каб зьмяніць сытуацыю. У сувязі з гэтым ён параўноўвае цяперашнюю сытуацыю ў Расеі з найноўшай гісторыяй Беларусі.

«У Расеі ёсьць вельмі сур'ёзныя інтэлектуальныя рэсурсы. Я ў захапленьні ад расейскіх палітычных і грамадзкіх камэнтатараў. Цудоўныя тэксты, проста задавальненьне чытаць. Але на гэтым усё і сканчаецца. Яны выказваюць свае думкі з Расеі і – штораз часьцей – з-за мяжы; пішуць нешта разумнае і добрае, прасякнутае болем – яно ўражвае. Але штосьці зрабіць, каб гэта зьмяніць? Дык жа не».

Троіцкі, у саколцы ў падтрымку Алега Навальнага (надоечы асуджанага брата вядомага расейскага палітычнага актывіста Аляксея Навальнага), прызнаўся, што Аляксей Навальны здаецца яму адзіным, хто спрабуе нешта зьмяніць у Расеі.

«Скажам шчыра: Навальны – адзіны, хто цяпер спрабуе штосьці рабіць. З-пад хатняга арышту. Сапраўдны герой».

Што тычыцца яго самога – жыхара Эстоніі, які рэгулярна наведвае Расею – Троіцкі не турбуецца за сваю бясьпеку.

«У прынцыпе, я бесклапотны чалавек. Мне 59, мне давялося пажыць у розныя часы. Я ніколі асабліва не турбаваўся пра сваю бясьпеку. Пакуль што ўсё добра. Я не лічу сябе небясьпечным дысыдэнтам. Зрэшты, я ж толькі выказваюся. І пішу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG