Вайна за сьцяг ў пасёлку пад Гомлем. ВІДЭА

Міхаіл Русак

Пэнсіянэр МУС Міхаіл Русак жыве ва ўласным доме са сваёй жонкай і дзецьмі ў пасёлку Чонкі пад Гомлем. У верасьні ён набыў бел-чырвона-белы сьцяг, мачту да яго і ўсталяваў сымбаль на сваім двары. Неўзабаве ноччу невядомыя зламалі мачту і скралі сьцяг.

Міхаіл зьвярнуўся са скаргай на крадзеж у мясцовую міліцыю. Там ня сталі шукаць злодзея — далі пэнсіянэру адпіску і пачалі складаць розныя пратаколы на яго самога. «Прыкрывалася» міліцыя тым, што на Міхаіла паступіла скарга. Ягоны бел-чырвона-белы сьцяг нібыта абразіў пачуцьці заяўніка.

Пэнсіянэр знайшоў заяўніка. «Ён літаральна на каленях прасіў у мяне прабачэньня, бо, як ён казаў, міліцыянты прымусілі яго пад пагрозамі падпісаць тую заяву. У выніку ён пакутаваў, і ягоная жонка таксама. Ён ва ўсім прызнаўся мне», — кажа Міхаіл і ў пацьвярджэньне сваіх слоў прадстаўляе аўдыёзапіс (ёсьць у рэдакцыі).

Прадстаўнікоў улады — сельсавету і міліцыі — гэта не спыніла. Сельсавет склаў на Міхаіла адміністрацыйны пратакол.

«Грамадзянін Русак не прыняў своечасовых належных мер па падтрыманьні ў належным стане зьнешняга выгляду жылога дому і разьмясьціў на фасадзе жылога дому незарэгістраваную сымболіку (бел-чырвона-белыя сьцягі), што зьяўляецца самавольным зьмяненьнем архітэктурных і канструктыўных элемэнтаў фасада жылога дому».

Парушэньне нібыта падпадае пад артыкул 21.13 КААП.

Міхаіл пасьмяяўся з пратаколу і зьвярнуўся да энцыкляпэдый, дзе знайшоў адказы на пытаньні: што такое «фасад дому», што такое «архітэктура», а таксама «збудаваньні», і як магчыма іх парушыць сьцягам?

Заадно ён выпісаў з адкрытых крыніц зьвесткі пра бел-чырвона-белы сьцяг. Сваімі ведамі Міхаіл плянаваў падзяліцца са старшынём сельсавету і ўчастковым. «Але яны і слухаць ня хочуць! Яны ня ведаюць, што такое фасад, сьцяг, што ўвогуле такое закон! Я прапанаваў ім дзейнічаць па законе, а не па паняцьцях», — кажа Міхаіл.

У адказ на ягоны лікбез прадстаўнікі ўлады перайшлі да «сілавога варыянту» вырашэньня канфлікту. Да Міхаіла прыехалі каля дваццаці чалавек — у тым ліку прадстаўнікі міліцыі, сельсавету, камунальнікі і «яшчэ невядома хто». Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гэта рабіць з боку гаспадара дому, і зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом за нас крыві», — кажа Міхаіл.

Ён падаў скаргу ў пракуратуру на незаконныя, як ён мяркуе, дзеяньні прадстаўнікоў улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга ўратаваў габрэйскую дзяўчынку ад Галакосту