Сьвятлана Ціханоўская заявіла пра запуск «Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў». У ейным стварэньні таксама ўдзельнічалі сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка і былы сьледчы, а цяпер каардынатар ініцыятывы By_pol Андрэй Астаповіч.
Якой будзе гэтая кніга, хто яе будзе складаць і як будуць правярацца зьвесткі, Павал Латушка расказаў «Настоящему времени».
Ён адзначыў, што маштаб рэпрэсій, якія адбываюцца апошнімі месяцамі ў Беларусі, нечуваны для сучаснай Эўропы. 31 тысяча затрыманых, больш як 140 палітвязьняў, 4 тысячы заяў пра гвалт сілавікоў і ноль крымінальных спраў. Такая сытуацыя і стала стымулам для стварэньня Адзінай кнігі рэгістрацыі злачынстваў.
Як будзе напаўняцца кніга
- Супрацоўнікі органаў могуць заявіць яўку з павіннай у адпаведнасьці з законам і ў пэрспэктыве разьлічваць на паблажлівасьць суду.
- Сьведкі могуць паведаміць пра вядомыя ім злачынствы.
- Пацярпелыя могуць заявіць пра злачынствы, якія ўчынілі ў дачыненьні да іх.
Латушка сказаў, што задача стваральнікаў кнігі не выносіць прысуд, а зафіксаваць факты злачынстваў, каб у будучыні прыцягнуць вінаватых да адказнасьці — паводле міжнароднага мэханізму крымінальнага перасьледу або «ў новай дэмакратычнай Беларусі».
Кніга таксама будзе папярэджаньнем людзям ва ўладзе, што ўсе, датычныя да злачынстваў, ня ўнікнуць пакараньня.
Паводле Латушкі, над вэрыфікацыяй зьвестак будуць працаваць былыя супрацоўнікі пракуратуры, МУС і Сьледчага камітэту.
«Ілюзія беспакаранасьці павінна зьнікнуць у нашай краіне», — заявіў Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: З задавальненьнем наведала б Расею, калі б не міждзяржаўны вышук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль у Лукашэнкі 20% рэйтынгу?