«Я б, напэўна, з задавальненьнем зьезьдзіла, але паколькі я знаходжуся ў крымінальным вышуку ў Беларусі і, адпаведна, у Расеі, то, думаю, вынік маёй паездкі ў Расею будзе варты жалю. Таму ўжо лепш вы да нас», — сказала яна.
На пытаньне, ці спрабавалі расейскія чыноўнікі або дыпляматы кантактаваць з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, Ціханоўская адказала: «Афіцыйных запытаў не было, спробаў афіцыйных не было».
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу, былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка пацьвердзіў словы Ціханоўскай, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што «не было кантактаў менавіта афіцыйнага характару».
На ўдакладненьне, ці былі неафіцыйныя кантакты і з кім канкрэтна, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адказаць адмовіўся.
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас свайго нядаўняга візыту ў Менск назваў «поўнай хлусьнёй» ранейшую заяву Латушкі аб кантактах Каардынацыйнай рады з прадстаўнікамі расейскіх уладаў.