Крэмль пакуль не атрымаў гарантый ад Захаду для ўмяшаньня ў беларускую сытуацыю, — Сівіцкі

Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з кіраўніком МЗС Расеі Лаўровым

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі лічыць, што цяпер геапалітычнае балянсаваньне Менску, якое мы назіралі цягам апошніх 5 гадоў, больш не магчымае, і заяўляе, што Крэмль можа больш спрыяльна паставіцца да новай апазыцыі ў Беларусі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка трапіў у пэўную пастку, калі вырашыў у жніўні і верасьні зьвярнуцца па дапамогу да Ўладзіміра Пуціна.
  • Далейшае невыкананьне сочынскіх пагадненьняў рызыкуе давесьці беларуска-расейскія адносіны да новага канфлікту.
  • Менавіта Лукашэнка ў Крамлі ўспрымаецца асноўным бар’ерам, які не дазваляе Расеі прасоўваць тут свае інтарэсы.
  • Крэмль пакуль не атрымаў гарантый ад Захаду, што ягонае ўмяшаньне ў беларускія справы будзе вітацца.

— Апошнія дні ў Беларусі актыўна абмяркоўвалася магчымасьць вызваленьня з-за кратаў Віктара Бабарыкі і тое, што гэта было адной з умоваў Масквы, яшчэ раз агучанай падчас візыту міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў Менск. Як вы бачыце гэтую сытуацыю, як ацэньваеце імавернасьць таго, што Бабарыка можа быць вызвалены з-пад варты?

— Візыт Лаўрова быў прысьвечаны перш за ўсё нагадваньню Аляксандру Лукашэнку пра неабходнасьць выконваньня «сочынскіх дамоўленасьцяў» (дасягнутых падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 14 верасьня). Згодна з гэтымі дамоўленасьцямі, Менск павінен пачаць працэс агульнанацыянальнага дыялёгу, вызваліць шэраг палітычных зьняволеных (найперш Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага), а таксама дазволіць вярнуцца ў краіну Сьвятлане Ціханоўскай і Валеру Цапкалу.

«Агульнацыянальны дыялёг» прадугледжвае ўдзел лідэраў так званай «новай апазыцыі», а прадметам дыялёгу павінна стаць абмеркаваньне шляхоў выхаду з палітычнага крызісу, а таксама зьмена Канстытуцыі. Калі Лукашэнка ідзе гэтым шляхам, то можа спадзявацца на эканамічную падтрымку з боку Масквы дзеля стабілізацыі эканамічнай сытуацыі. Наступныя два траншы крэдыту, пра якія дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы, залежаць ад выкананьня адной з галоўных умоваў сочынскіх пагадненьняў, а менавіта вызваленьня некаторых палітвязьняў, найперш Віктара Бабарыкі і ягонай каманды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае рэха візыту Лаўрова

— Пра сочынскія пагадненьні гавораць даволі даўно, але пакуль няма ніякіх моцных прыкметаў таго, што Лукашэнка зьбіраецца іх выконваць. Ці няма ўражаньня, што Лукашэнка традыцыйна зноў думае, што называецца, «кінуць» свайго расейскага партнэра?

— Лукашэнка трапіў у пэўную пастку, калі вырашыў у жніўні і верасьні зьвярнуцца па дапамогу да Ўладзіміра Пуціна. Бо Крэмль вырашыў скарыстацца момантам, палітычным крызісам, каб навязаць Лукашэнку пэўны сцэнар транзыту ўлады. Але гэты транзыт прадугладжвае зьмену рэжыму па сваёй сутнасьці, сыход Лукашэнкі з палітычнай сцэны Беларусі і нават ягоны пераезд у Расею.

Відавочна, што сёньня Лукашэнка не жадае ісьці на саступкі, якія будуць ставіць пад пытаньне ягоную манаполію на ўладу. Таму афіцыйны Менск спрабуе гуляць у імітацыю «дыялёгу», але гэта ня робіць ніякага сур’ёзнага ўражаньня на Маскву. Далейшае невыкананьне сочынскіх пагадненьняў рызыкуе давесьці беларуска-расейскія адносіны да новага канфлікту, які мы, хутчэй за ўсё, пабачым ужо ў канцы гэтага году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка прыняў для сябе рашэньне будаваць Вэнэсуэлу», — расейскі палітоляг

— Але раней у сваіх канфліктах з Масквой Лукашэнка шантажаваў Крэмль паляпшэньнем адносінаў з Захадам. Аднак сытуацыя кардынальна зьмянілася. Цяпер Захад не прызнае яго легітымным кіраўніком Беларусі і не жадае мець зь ім справу. Цяпер, нават калі б Лукашэнка стаў нешта прапаноўваць Захаду, ён ня знойдзе станоўчага адказу. Масква ўсё гэта разумее.

—Так, у сёньняшніх умовах геапалітычнае балянсаваньне Менску, якое мы назіралі цягам апошніх 5 гадоў, больш немагчымае. Лукашэнка страціў як унутрыпалітычную, так і замежнапалітычную легітымнасьць. Сытуацыя, у якую ён трапіў, ускладняецца тым, што Расея і Захад, па сутнасьці, патрабуюць аднолькавага. Гэта пераход, трансфэр улады, які для Лукашэнкі азначае сыход з палітычнай сцэны Беларусі.

Мы ведаем, што цягам усяго палітычнага крызісу Масква вяла і вядзе перамовы з заходнімі сталіцамі. І калі паміж імі будзе дасягнутая пэўная згода наконт шляхоў вырашэньня беларускага крызісу, то Расея можа перайсьці да больш жорсткіх крокаў у дачыненьні Беларусі. Мы гэта бачылі падчас кіргіскай рэвалюцыі 2010 году, якая была ў тым ліку вынікам умяшаньня Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка на сто адсоткаў – палітычны труп». Мікалай Сванідзэ пра ўплыў Масквы і будучыню Беларусі

— Размовы пра тое, што Захад і Масква могуць прыйсьці да згоды наконт беларускага крызісу, ідуць даўно. Але яны грунтуюцца на нейкіх кулюарных гутарках, неафіцыйнай інфармацыі. А ў публічнай сфэры расейскія і беларускія кіраўнікі ва ўнісон прамаўляюць антызаходнюю рыторыку, Масква не ўспрымае беларускай апазыцыі. Дзе тут можна ўбачыць падставы, што Крэмль і Брусэль могуць знайсьці агульную мову?

— Уся постсавецкая палітыка звычайна зьяўляецца непублічнай. Тое, што адбываецца насамрэч, вельмі сур’ёзна адрозьніваецца ад афіцыйнай рыторыкі. Для Расеі беларускі палітычны крызіс — гэта ня толькі выклік для стратэгічных інтарэсаў Масквы на заходнім кірунку, але і магчымасьць прасунуць гэтыя інтарэсы ва ўмовах, калі Лукашэнка знаходзіцца ў няўстойлівай пазыцыі. З улікам таго, што менавіта Лукашэнка ў Крамлі ўспрымаецца асноўным бар’ерам, які не дазваляе Расеі прасоўваць тут свае інтарэсы, то самая рацыянальная стратэгія для Крамля — гэта выкарыстаць гэты крызіс.

Існуюць аб’ектыўныя чыньнікі, якіх Крэмль ня можа ігнараваць. Гэта перш за ўсё крызіс унутранай і вонкавай легітымнасьці Лукашэнкі. І па тым, як Расея згуляла карабаскі гамбіт, можна пабачыць, што яны ўмеюць скарыстацца пэўнымі аб’ектыўнымі ўмовамі, каб канвэртаваць іх у палітычныя і дыпляматычныя дывідэнды.

Са свайго боку, Захад таксама зацікаўлены ў зьмене палітычнага рэжыму ў Беларусі, але ня мае тут такіх інструмэнтаў уплыву, як Расея. Калі сочынскія пагадненьні будуць рэалізаваныя, па сутнасьці, гэта зробіць беларускую палітычную сыстэму больш адкрытай для расейскага палітычнага ўплыву. Расея мае доўгатэрміновы разьлік і цалкам пераглядае свае замежнапалітычныя прыярытэты. Падтрымка нейкіх пэрсаналіяў любой цаной для Масквы больш не зьяўляецца прыярытэтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарадзкое» апытаньне Chatham House: Бабарыка самы папулярны, Латушка нароўні з Лукашэнкам

— Паводле сацыялягічных апытаньняў, Віктар Бабарыка на сёньня мае самы вялікі рэйтынг сярод беларускіх палітыкаў. Разам у тым у беларускім грамадзтве па-ранейшаму даволі моцныя прарасейскія настроі. Чаму б Маскве гэта не ўлічыць і цалкам катэгарычна не адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі — і ў публічнай сфэры, і канкрэтнымі дзеяньнямі?

— У Маскве пралічваюць усе сцэнары, у тым ліку сцэнар больш жорсткага прымусу Лукашэнкі да выкананьня сочынскіх пагадненьняў. Але Крэмль пакуль не атрымаў гарантый ад Захаду, што ягонае ўмяшаньне ў беларускія справы будзе вітацца альбо хаця б успрымацца нэўтральна. І не прывядзе да новай хвалі санкцыяў супраць Расеі.

Калі ж Масква атрымае нейкую згоду ад заходніх сталіцах у выніку пагадненьня ў беларускім пытаньні, то Крэмль пачне дзейнічаць больш жорстка. І мне здаецца, што Крэмль даволі хутка зойме больш рашучую пазыцыю, бо Беларусь сутыкаецца з сур’ёзным сацыяльна-эканамічным крызісам, а Крэмль ня мае намеру і далей падтрымліваць Менск матэрыяльна ў ранейшых маштабах. І Крэмль можа больш спрыяльна паставіцца да так званай новай апазыцыі ў Беларусі, якая неаднаразова падкрэсьлівала, што гатовая ўспрымаць і паважаць стратэгічныя інтарэсы Расеі ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае апытаньне Chatham House: За Ціханоўскую галасавалі больш за 50 адсоткаў, за Лукашэнку – менш за 20

— Як можа разьвязацца калізія вакол Віктара Бабарыкі? Выглядае, што ён, знаходзячыся за кратамі, не пагаджаецца на прапановы зьехаць зь Беларусі, якія, вельмі імаверна, яму паступалі. Але Лукашэнка разумее, што калі ён вызваліць Бабарыку і той ня зьедзе і не зламаецца, то гэта хутка стане для ўлады моцнай палітычнай праблемай. З другога боку, як сьцьвярджаеце вы ды іншыя аналітыкі, вызваленьня Бабарыкі патрабуе Масква.

— З аднаго боку, Лукашэнка вымушаны вызваліць Бабарыку, бо спадзяецца атрымаць новыя крэдытныя траншы ад Расеі да канца гэтага году. Але ёсьць рызыка, што Бабарыка нікуды ня зьедзе з краіны. Тыя гарантыі, якія Крэмль яму даў у пачатку выбарчай кампаніі, Масква захоўвае. І ў Бабарыкі няма ніякай рацыянальнай прычыны пакідаць Беларусь.

Для Лукашэнкі ствараецца такая небясьпечная сытуацыя, калі з вызваленьнем Бабарыкі вулічны пратэст атрымае свайго лідэра. І Масква будзе прымушаць Лукашэнку, каб ён сеў за адзін стол з гэтым палітыкам і абмяркоўваў зь ім канстытуцыйную рэформу, што для Лукашэнкі азначае страту ўлады.

Цяжка сказаць, як гэты сюжэт будзе вырашаны. Відавочна, што калі Лукашэнка ня выканае сваіх абяцаньняў Маскве, то гэта будзе азначаць новы канфлікт паміж Менскам і Масквой. І тады сацыяльна-эканамічная сытуацыя будзе дэстабілізавацца значна хутчэй. А любая дэстабілізацыя адкрывае для Расеі магчымасьці ўмяшацца яшчэ больш сур’ёзна і жорстка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саньнікаў: Выцекі інфармацыі робяцца, каб Бабарыку ня выпусьцілі