Легендарны брэнд зьбіраюцца прадаць па відавочна заніжанай цане камусьці з расейскіх алігархаў. У Крыме многія ўпэўненыя, што інвэстараў цікавяць толькі землі «Масандры» ў курортнай зоне, і новыя гаспадары высекуць вінаграднікі і пабудуюць на іх месцы гатэлі і жыльлё.
Расейская адміністрацыя Крыму распарадзілася выставіць на аўкцыён 100 адсоткаў акцый вытворча-аграрнага аб’яднаньня «Масандра» ў сярэдзіне кастрычніка сёлета. На партале «Росэлторг» пачаўся прыём заявак на ўдзел у таргах, якія адбудуцца 14 сьнежня.
Новаму ўладальніку дастануцца тысячы гектараў вінаграднікаў, вытворчыя магутнасьці, сельскагаспадарчая тэхніка, будынкі і памяшканьні агульнай плошчай амаль 1 млн квадратных мэтраў, сам брэнд і найбуйнейшая ў сьвеце калекцыя вінаў, якая налічвае больш за 1 млн бутэлек.
Экспэрты не сумняваюцца, што «Масандру» рыхтуюць да продажу пад загадзя вызначанага пакупніка. Прычым гэта відавочна не шараговы інвэстар — інакш бы ўлады ня сталі ладзіць такую складаную шматступенную працэдуру вываду актываў зь дзяржаўнай уласнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова Наташы і Дзімы. Некалькі высноваў са скандальных зьліваўАпошнімі гадамі ўладальнікамі ўсіх буйных вінзаводаў Крыму становяцца бізнэс-структуры, якія належаць людзям з найбліжэйшага атачэньня Ўладзіміра Пуціна.
- У 2019 годзе Інкерманскі завод марачных вінаў перайшоў ва ўласнасьць прыватнага вінароба Валерыя Захар’іна. Але ён хутчэй выступае як «зіц-старшыня»: сапраўднымі бэнэфіцыярамі лічацца структуры, якія знаходзяцца пад санкцыямі банку «Расея». Уладальнікі «Расеі» — сябры і партнэры прэзыдэнта РФ: Юрый Кавальчук, Генадзь Цімчанка ды іншыя. Схему з Захар’іным прыдумалі, каб без праблем выкупіць прадпрыемства ў ранейшых уладальнікаў.
- У 2017 годзе завод шампанскіх вінаў «Новы сьвет» прадалі на аўкцыёне за 1,5 млрд рублёў кампаніі «Паўднёвы праект», якая ўваходзіць у структуру ўсё таго ж банку «Расея». Інвэстары абяцалі мадэрнізаваць прадпрыемства, але пакуль што выяжджаюць выключна на старым багажы. Адзіным новаўвядзеньнем стала падвышэньне розьнічнай цаны на знакаміты новасьветаўскі брут у паўтара-два разы.
- За год да гэтага балаклаўскі вінзавод «Залатая балка» набыў для сваёй жонкі маскоўскі бізнэсмэн Арцём Зуеў, якога ў прэсе зьвязваюць зь дзяржаўнай карпарацыяй «Растэх». Кіраўнік карпарацыі Сяргей Чэмезаў — блізкі сябар Уладзіміра Пуціна.
- У 2015 годзе зьявілася інфармацыя аб тым, што вінная гаспадарка Alma Valley у Бахчысарайскім раёне можа належаць структурам кіраўніка ВТБ Андрэя Косьціна.
- А невялікую вінакурню Château Côtes de Saint-Daniel у Гурзуфе зьвязалі з кіраўніком «Лукойла» Вагітам Алекперавым.
- Самае галоўнае вінаробнае прадпрыемства паўвострава, верагодна, чакае падобная доля. СМІ называюць у ліку прэтэндэнтаў на «Масандру» старшыню праўленьня «Сбербанка» Германа Грэфа, экс-міністра сельскай гаспадаркі Аляксандра Ткачова, бізнэс-амбудсмэна Барыса Цітова (ягонай сям’і належыць гаспадарка «Абраў-Дзюрсо») і іншых асоб.
Крымскі грамадзянскі актывіст Аляксандар Таліпаў упэўнены, што прадпрыемства, па прыкладзе «Новага сьвету», дастанецца саўладальніку «Расеі» Юрыю Кавальчуку.