Жыхарка Карэліч Алена Пякарская сутыкнулася зь ціскам на яе 13-гадовага сына Аляксея з боку міліцыі яшчэ ў жніўні. Тады Аляксея міліцыянты абвінавацілі ў актыўнасьці ў мясцовым тэлеграм-канале і ўдзеле ў акцыях пратэсту. Жанчыну ў выніку нават выклікалі на размову ў органы апекі, дзе папярэдзілі пра магчымыя наступствы. 24 лістапада да Алены дадому прыйшлі ўжо зь ператрусам.
«На пачатку мінулага тыдня сын мне расказаў, што да яго аднаклясьнікаў падыходзяць міліцыянты і распытваюць, ці ня бачылі яны ў яго балёнчык з фарбай, ці не гаварыў ён ім, што робіць недзе графіці, што набываў такі балёнчык, — расказала Алена Свабодзе. — Дзеці сказалі ім, што нічога такога ня ведаюць і ня бачылі. А 24 лістапада да мяне дадому прыйшлі трое міліцыянтаў у форме і адна жанчына ў цывільным. Сказалі, што маюць пастанову на ператрус. Далі пачытаць. Там было напісана, што месяц таму ў старшыні адной з выбарчых камісій на плоце напісалі фарбай „С...а скрала нашыя галасы“. А таксама, што паколькі мой сын Аляксей летам крэйдай напісаў на сьцяне „Я МЫ 97%“ і быў злоўлены міліцыяй, то ён зьяўляецца падазраваным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку ў міліцыю выклікалі сына-падлетка, пасьля асудзілі маці. Як у невялікім мястэчку перасьледуюць прыхільнікаў пераменаўАлена кажа, што нават не прапісаная ў тым доме, куды прыйшлі зь ператрусам праваахоўнікі. Аднак гэта іх не пераканала. Па словах жанчыны, ніхто зь міліцыянтаў не прадставіўся, але аднаго зь іх, Віктара Зінчанку, яна пазнала. Ён расьсьледаваў «злачынствы» 13-гадовага падлетка яшчэ летам.
«Зайшлі ў пакой малодшага сына, яму 4 гады, — расказвае Алена пра тое, як адбываўся ператрус. — Знайшлі там стары непрацоўны ноўтбук. Сказалі, што забіраюць. Маўляў, там могуць быць фатаздымкі. У пакоі старэйшага сына таксама ўсё агледзелі, але не знайшлі нічога. У гэты момант мне пазваніла маці, сказала, што ў яе таксама ператрус праводзяць. Маці 71 год, мой бацька інвалід 1 групы. Але іх гэта не спыніла. Сказалі, што сын Лёша бывае ў іх на выходных і таму таксама трэба ператрус зрабіць».
Па словах жанчыны, ператрус доўжыўся каля 20 хвілін, яшчэ паўгадзіны міліцыянты складалі вопіс знойдзеных рэчаў, каб забраць.
«Я спытала, ці хопіць у іх сумленьня хаця б не чапаць сына на ўроках у школе, — кажа Алена. — Адказалі, што ніхто да Аляксея не паедзе. Як толькі зьехалі ад мяне, адразу сыну пачала званіць. Але ніхто не адказваў. Пазваніла разоў сем. Пасьля гэтага мне перазванілі зь незнаёмага нумару, мужчына. Прадставіўся інспэктарам па справах непаўналетніх Грышаном. Паведаміў, што правёў допыт майго сына і канфіскаваў яго тэлефон. На маё пытаньне, чаму 13-гадовае дзіця апытваюць безь мяне, сказаў, што там былі два сацыяльныя пэдагогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пісаў заклікі да мірных акцыяў». У Карэлічах у РАУС раз за разам выклікаюць 13-гадовага падлеткаАлена расказвае, што калі ейнага Лёшу апытвалі ў школе, яго тэлефон ужо быў у інспэктара Аляшкевіча. Міліцыянт бачыў, што падлетку звоніць маці, але трубку ня зьняў і тэлефон 13-гадоваму хлопцу не перадаў, проста паклаў экранам уніз на стол. Потым мабільнік увогуле забралі.
«Зайшлі з тэлефона сына да яго ў сацсеткі, убачылі на аватарцы герб „Пагоня“ і забралі тэлефон, — кажа жанчына. — Так і патлумачылі, што гэта стала прычынай канфіскацыі. Я разьюшылася. Сказала, што буду скардзіцца. Сын потым пазваніў з нумара кляснай кіраўніцы, расказаў, што да яго прыяжджалі інспэктары Грышан і Аляшкевіч. Калі прыйшоў дадому, то расказаў, што яго на размову забралі проста з уроку інфарматыкі. Зайшла ў кляс сацыяльны пэдагог, запрасіла Лёшу выйсьці зь ёй. Нічога яму не патлумачыла, проста вывела і адвяла ў свой кабінэт, дзе ўжо былі міліцыянты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці школьніка затрымалі пра крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» 10 жніўняАлена расказвае, што выклік на допыт да міліцыянтаў моцна напалохаў сына. Ніякіх дакумэнтаў аб канфіскацыі тэлефона яму не далі.
«Сын расказваў, што моцна спалохаўся, — расказвае Алена. — Пачалі трэсьціся рукі, ногі. Як ён кажа, тэлефон міліцыянты забіралі хітрасьцю. Спыталі, што за марка, якая мадэль. Папрасілі даць паглядзець. Сын, не задумваючыся, даў. Пастановы на агляд рэчаў яны ня мелі. Парушылі ўсё, што можна, усе нормы. Інспэктар Грышан яшчэ культурна з сынам размаўляў, а Аляшкевіч пагражаў яму. Гаварыў, што ў гэты момант у нас дома ператрус, што там могуць нешта знайсьці, і тады сыну мала не падасца. Сын прыйшоў дадому ўвесь на нэрвах, яго трэсла ўсяго. Ужо званок празьвінеў, пачаўся перапынак на абед. А сына працягвалі апытваць, нават не адпусьцілі паесьці».
Па словах жанчыны, мабільнік міліцыянты абяцалі вярнуць у пятніцу альбо ў суботу. Аднак пакуль нічога не аддалі.
Сваю датычнасьць да графіці на плоце старшыні выбарчай камісіі Аляксей адмаўляе.
«Я званіла ў інспэкцыю, размаўляла з Грышаном, — кажа жанчына. — Тлумачыла, што яны парушылі ўсе інструкцыі. Што тэлефон мой, у 13-гадовага дзіцяці ня можа быць уласнага тэлефона, ён мне належыць. Грышан адказаў, што меў права забраць мабільнік. Я напісала два лісты са скаргамі на імя начальніка РУУС».
Празь некалькі дзён пасьля гэтых падзей Алена даведалася, што ператрус па справе графіці на плоце старшыні выбарчай камісіі праводзілі і ў яе былога мужа, бацькі Аляксея, зь якім яна не жыве 10 гадоў і не стасуецца. Мужчыну на допыт забралі проста з працы.