Сяргей Дубавец:
Акурат з адной такой цытатай у мяне цяпер «баданьні». Мне дастаткова назваць першыя пару словаў, як большасьць з вас успомніць яе цалкам. «Яны ня ўцямілі…» Памятаеце? Зрэшты, ужо і Гугл працягвае «на аўтамаце»:
Яны ня ўцямілі, што разам зь беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці.
(Ігнат Абдзіраловіч, «Адвечным шляхам»)
Гэта ня проста сэнтэнцыя. Гэта крык душы, кульмінацыя твору, сьцяг, які мы ўзьнялі сорак гадоў таму, адстойваючы патрэбу мовы, уласнай візіі гісторыі і пераконваючы ў гэтым іншых. І нам шмат чаго ўдавалася. Прынамсі нас саміх стала незьлічона болей, чым у пачатку. Беларуская гуманітарыстыка разраслася настолькі, што, я думаю, наўрад ці яна была б большай і больш цікавай безь перашкодаў з боку дзяржавы, а нават пры яе спрыяньні. Наша пакаленьне стала апошнім у гісторыі, якое магло прачытаць усё, увогуле ўсё, што хоць калі пісалася па-беларуску. Цяпер гэта немагчыма. І ніхто ніколі ня скажа, што мы зрабілі меней, чым маглі. Але мары сваёй мы не дасягнулі — цуду ўсеагульнага яднаньня вакол беларушчыны ня здарылася. Выглядае, што Ігнат Абдзіраловіч павёў нас экстэнсіўным шляхам.
Цуд усеагульнага яднаньня здарыўся сёлета і бяз нас. Ён здарыўся сам, на нейкім містычным узроўні, хоць яго post factum можна патлумачыць рацыянальна. Раптам народ быццам убачыў сябе ў люстэрку, быццам нацыя адчула, што яна мае голас, то бок выступае палітычным суб’ектам, зь якім трэба размаўляць.
І гэта была рэакцыя на бесчалавечнасьць.
Спачатку ўлада папракала памерлых ад пандэміі, руйнавала праявы салідарнасьці, якія расьлі як грыбы з кожнай нагоды, зьневажала мэдыкаў, якія першыя гінулі ад COVID-19. Пасьля ўлада звышцынічна скрала ў людзей іх галасы на выбарах і прыступіла да рэпрэсіяў у дачыненьні да ўсіх, хто яе ня выбраў, а такіх і аказаўся ўвесь народ, беларусы, нацыя. І нацыя выйшла на вуліцы і сама пабачыла, што яна ёсьць.
Беларус востра рэагуе на бесчалавечнасьць. Не на гвалт нават, не на хлусьню, а менавіта на бесчалавечнае абыходжаньне. Па-людзку — галоўны крытэр будзь якіх дачыненьняў. «Без чалавечнасьці ня будзе вечнасьці» (Пімен Панчанка). Бесчалавечнасьць — гэта выклік нашаму мэнталітэту, гэта іспыт на беларускасьць: ці мы захавалі гуманістычнае ядро свае мэнтальнасьці, ці страцілі, гэта той дэтанатар, які абудзіў у нас усьведамленьне сябе народам.
Паспрабую пераканструяваць крылатую фразу паводле інтэнсіўнага выніку de facto:
Яны ня ўцямілі, што разам з чалавечнасьцю мы трацім і лепшую частку беларушчыны.
Гучыць ня так прароча, але — як задача на заўтрашні дзень.
Сяргей Дубавец — журналіст, пісьменьнік, рэдактар і выдавец.
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Андрэй ХадановічГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць