22 лістапада ў мястэчку Воўчын каля Берасьця адбылося асьвячэньне адбудаванага Траецкага касьцёла і першая сьвятая імша ў ім пасьля вялікага перапынку, паведамляе сайт Беларускай каталіцкай царквы.
Абрад дабраслаўленьня адноўленага храма адправіў пінскі біскуп Антоні Дзям’янка.
Траецкі касьцёл бы пабудаваны ў 1729–1731 гадах за сродкі кракаўскага кашталяна Станіслава Панятоўскага. Калі ў яго нарадзіўся сын Станіслаў Аўгуст, які стаў апошнім каралём Рэчы Паспалітай, супольнай польскай-літоўскай дзяржавы, яго хрысьцілі ў гэтым храме.
У 1938 годзе парэшткі Панятоўскага, які памёр у Пецярбургу, перадалі ўладам Польшчы (Воўчын тады быў часткай яе тэрыторыі) і пахавалі ў гэтым касьцёле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мілінкевіч распавёў дэталі раскопак крыпты апошняга манарха БеларусіУ сярэдзіне 1950-х гадоў касьцёл закрылі і перадалі калгасу, які выкарыстаў яго як склад. Пахавальня апошняга караля была разрабаваная. У 1988-м парэшткі караля Панятоўскага перадалі ў Варшаву.
У 2007-м будынак перадалі вернікам, праз два гады пачалося аднаўленьне касьцёла, якое цяпер завяршылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палякі абурыліся аднаўленьнем касьцёла ў Беларусі, дзе быў пахаваны кароль Станіслаў Панятоўскі. Што ня так?