Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч распавёў дэталі раскопак крыпты апошняга манарха Беларусі


Былы кандыдат у прэзыдэнты, навуковец Аляксандар Мілінкевіч, наведаў мястэчка Воўчын у Камянецкім раёне, радзіму і месца вечнага спачынку Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 30 гадоў таму менавіта Мілінкевіч правёў раскопкі каралеўскай капліцы ў воўчынскім касьцёле і выявіў парэшткі манарха.

З дазволу аўтара Свабода публікуе тэкст пра паездку ў Воўчын і раскопкі 1987 году ў скароце.

Для палякаў ён — апошні кароль, для нас — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Сын берасцейскай зямлі, Станіслаў Панятоўскі паходзіў з вядомых літвінскіх родаў Чартарыйскіх і, праўдападобна, Сапегаў. Адным словам — з нашых, мясцовых.

Ён быў упэўнены, што толькі эўрапеізацыяй, мадэрнізацыяй, разьвіцьцём адукацыі, навукі і культуры можна ўратаваць сваю краіну. І менавіта гэтыя рэформы больш за ўсё непакоілі суседнія імпэрыі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Пад ціскам суседзяў-драпежнікаў ён быў змушаны адмовіцца ад тытулу сувэрэна і на працягу году былая каханка Кацярына ІІ трымала яго пад хатнім арыштам у гарадзенскім Новым замку. Павел І пасьля яе сьмерці запрасіў экс-караля да сябе, дзе яго ахвотна прымалі ў салонах, але хутчэй «як птушку ў залатой клетцы» для дэманстрацыі велічы і магутнасьці імпэрыі.

І пасьля сваёй сьмерці ў Пецярбурзе наш апошні манарх ня змог знайсьці вечнага спакою, а зазнаў сумнае і сымбалічнае блуканьне. Спачатку ён быў пахаваны ў Пецярбурзе. Потым у час сталінскай перабудовы паўночная сталіца савецкай Расея запрапанавала Польшчы «забраць свайго караля».

Экс-манарху не знайшлося месца ні ў Кракаве, ні ў Варшаве. І ягоны саркафаг у 1938 годзе ў таварным вагоне адпраўляюць у Берасьце, адтуль таемна ў Воўчын, дзе ён нарадзіўся і быў хрышчаны.

30 гадоў таму ў кастрычніку 1987 году мы разам з гарадзенскімі сябрамі — археолягам Міхасём Ткачовым, мастаком-рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым і маім старэйшым сынам Аляксандрам правялі раскопкі ў каралеўскай капліцы Воўчынскага касьцёла і апыталі мясцовых старажылаў пра лёс пахаваньня. Удалося знайсьці дэталі дубовых трунаў, фрагмэнты вопраткі, абутку, каранацыйнай мантыі з каралеўскімі гербамі: шыты срэбрам і золатам арол са знакам цяльца ў цэнтры. З аднаго боку гэта даволі шмат, зь іншага зусім не ўдалося знайсьці костак нябожчыка. Гэта было дзіўна, бо нават у эгіпецкіх пірамідах рабаўнікоў ніколі не цікавілі шкілеты.

У нас было дзьве вэрсіі.

Першая — у выніку павадкаў ракі Нявы ў Пецярбурзе падвалы касьцёла сьв. Кацярыны, дзе быў пахаваны першапачаткова Станіслаў Аўгуст, шмат разоў заліваліся вадой. Захаваліся дакумэнты некалькіх дасьледваньняў каралеўскага саркафагу, праведзяных пробашчам храма і адмыслоўцамі на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. У іх канстатуецца, што на дзіва костак у труне ўжо тады не было, яны цалкам пераўтварыліся ў прах акрамя невялікай часткі патыліцы. Сталая прысутнасьць вады відаць зрабіла сваю нядобрую справу. У такім выпадку ў Воўчын у трунах, праўдападобна, былі дастаўлены рэшткі адзеньня, мантыі і ўжо толькі прах манарха.

Другая вэрсія — хтосьці зь мясцовых, відаць, веруючы чалавек, сабраў косьці нябожчыка і перапахаваў іх. Яна грунтуецца на пераказаным сьведчаньні мясцовых людзей пра тое, што ў 1950-х гадах на адрас будучага беларускага кардынала Казіміра Сьвёнтэка прыйшоў ліст з Казахстану ад сасланага туды былога жыхара Воўчына, аўтар якога паведамляў, што ён ведае дзе шукаць парэшткі караля і гатовы апісаць тое месца. Сьвёнтэк не адрэагаваў нібыта з прычыны, што гэта можа быць правакацыя службаў.

ксёндз пробашч Андрэй Бародзіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч
ксёндз пробашч Андрэй Бародзіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч

У хуткім часе Беларусь наведала афіцыйная польская дэлегацыя на чале з тагачасным дырэктарам Варшаўскага каралеўскага замка Аляксандрам Гейштарам і Міністэрства культуры БССР перадала суседняй дзяржаве нашыя знаходкі. У 1995 годзе рэшткі каралеўскага пахаваньня былі ўрачыста з удзелам прэзыдэнта Леха Валенсы і арцыбіскупа Юзафа Глемпа перанесены ў склеп катэдральнага сабора Яна Хрысьціцеля ў Варшаве.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — неад’емны сымбаль нашай незалежнасьці.

Сёньня Воўчынскі касьцёл аднаўляецца. Фактычна ён па-ранейшаму застаецца месцам астатняга пахаваньня нашага апошняга манарха, бо прах караля і вялікага князя пасьля рабаваньня саркафагу адышоў у яго родную зямлю менавіта ў крыпце каралеўскай капліцы храма сьвятой Тройцы. Гэта пацьвердзілі і мікрабіялагічныя дасьледваньні глебы крыпты навукоўцамі з Гданьска.

Ён застаўся ў Воўчыне.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — неад’емны сымбаль нашай незалежнасьці. У Беларусі ён прыйшоў на сьвет, тут прайшло яго дзяцінства, тут ён страціў манаршыя паўнамоцтвы і на нашай зямлі ён па волі лёсу пахаваны. Каралеўская крыпта — сьвятое месца на мапе краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG