Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны расказаў тэлеканалу «Настоящее время», як зьмяніўся Лукашэнка за час свайго прэзыдэнцтва і ці ці дадуць пратэсты шанец пабудаваць адносіны і з Расеяй, і з Захадам. Інтэрвію ўзяў Уладзімір Міхайлаў.
— Рамане, у той час, калі вы былі амбасадарам у Беларусі, наколькі добра вы ведалі Аляксандра Лукашэнку?
— Як і ўсе амбасадары, ня толькі з фармальнага гледзішча, але і фактычна. Пагатоў гэта суседняя дзяржава. Мне ў свой час давялося працаваць з прэзыдэнтам Кучмам, з прэзыдэнтам Юшчанкам, і ўсе яны па-свойму, але будавалі адносіны з суседняй дзяржавай, а значыць, і працавалі з Лукашэнкам.
Больш за ўсё, з гледзішча ня толькі кантактаў, але і рабочых праграмаў і праектаў, гэтая праца будавалася ў Віктара Юшчанкі як прэзыдэнта Ўкраіны. Успомніць хоць бы праекты энэргакалідораў, вяртаньне авэрсу Адэса — Броды, нафтаправоды і гэтак далей. Дастаткова кантактаў было, пагатоў гадавое тавараабарачэньне на той момант складала больш за $ 70 млрд. Гэта вельмі шмат кантактаў. Ну і ўвесь час працавала міжурадавая камісія, якая сустракалася і на ўзроўні ўрадаў, і на ўзроўні прэзыдэнтаў.
— Рамане, вы былі амбасадарам каля дзесяці гадоў таму. Як вы лічыце, Аляксандар Лукашэнка з таго часу зьмяніўся?
— Не. Калі браць Лукашэнку ад 1994 году — пачатку яго кар’еры — да сёньняшняга дня, то насамрэч гэта такі тып, у якім жыве комплекс савецкага старшыні калгасу, які дэспатычным шляхам будуе сваю сыстэму кіраваньня. У савецкі час гэта называлася «моцны гаспадарнік», які ня толькі мацюкаецца і выкарыстоўвае нармальныя словы для зьвязкі лаянкі, але можа і ўдарыць, і вельмі груба пакараць чалавека. Гэта ўсё жыве ў чалавеку, які называецца Лукашэнка. Але папраўдзе гэта чалавек з комплексам старшыні калгасу.
— Як вы лічыце, Рамане, Лукашэнка самастойны палітык ці ён дзейнічае настолькі, наколькі яму дазваляюць?
— У людзей такога складу, як Лукашэнка, ёсьць прыказка, якая бярэ вытокі ў тым самым савецкім рэжыме. «Лагоднае цяля дзьвюх матак сьсе». Яны заўсёды бегалі паміж абкамам партыі, райкамам партыі, атрымлівалі адказ. Гэты чалавек ня можа быць самастойны, у яго ёсьць гаспадар. Гэты гаспадар у Крамлі. Такія тыпажы: яны будуць займацца бравадай, яны будуць расказваць, што змагаюцца за незалежнасьць дзяржавы, але яны ня могуць абыходзіцца без гаспадара. Таму там усё абсалютна дакладна і зразумела. Сёньня беларус змагаецца ня супраць Лукашэнкі, ён змагаецца супраць Крамля. А Лукашэнка — гэта проста апэратар. Гэта старшыня калгасу ў дзяржаве Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы фармат пратэстаў: тактычны посьпех на працяглы час— Па-вашаму, самі беларусы разумеюць, што яны змагаюцца супраць Крамля ці не?
— Беларусы сёньня спрабуюць прадэманстраваць Эўропе новую сыстэму. Яны ў сабе бачаць той мост, які здольны злучыць Брусэль і Крэмль. Гэта вельмі цяжкая задача. Давайце дазволім ім прэтэндаваць на такую ролю, але ўсё ж разумець, што яны ў нечым памыляюцца. Бо гэтую ролю яны адводзяць сабе, але гэтую ролю ім ня дасьць выканаць Крэмль. Таму гэта вялікая памылка, і памылка ня толькі грамадзтва, гэта памылка лідэраў, якія дэкляруюць пабудову дзяржавы і грамадзтва, здольнага такую ролю адыгрываць паміж абсалютна несупастаўнымі і неспалучальнымі каштоўнасьцямі — эўрапейскай супольнасьці і расейскай.
— Як вы лічыце, ці Аляксандр Лукашэнка разумее рэальны стан справаў у Беларусі, ці ён жыве ў нейкім сваім выдуманым сьвеце, або ад яго хаваюць інфармацыю?
— Чалавек, які прабыў на пасадзе прэзыдэнта больш за два тэрміны, ён наагул не ўяўляе рэальнага сьвету. Мне давялося працаваць не з адным прэзыдэнтам, я проста разумею, наколькі гэтыя людзі жывуць сваім прэзыдэнцкім сьветам. Ведаеце, нават чалавек, які пакінуў пасаду прэзыдэнта, на якой быў больш за два тэрміны, пасьля тры-чатыры гады толькі выходзіць з гэтага амплюа. Таму ён жыве ў сваім сьвеце і не разумее, рэальна не разумее, што адбываецца.
— Як вы лічыце, ці ёсьць слабыя месцы ў беларускай улады, калі ёсьць — якія яны?
— Самае слабое месца — гэта комплекс. Гэтая ўлада грунтуецца на комплексе абсалютна памылковых ідэалягічных пасылаў. Першы пасыл — гэта «Брат-Крэмль», другі — гэта «геній савецкай прамысловасьці». Трэці — гэта спроба знайсьці агульнасьць паміж двума абсалютна рознымі цывілізацыйнымі выбарамі. Бо беларус — ён эўрапеец. І яны шукаюць цяпер у цывілізацыі, абсалютна несумяшчальнай з эўрапейскімі каштоўнасьцямі, нейкае яднаньне. І цэлы шэраг іншых комплексаў, памылковых абсалютна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей прыгразіў Эўразьвязу санкцыямі ў адказ. Па кім гэта ўдарыць?— Калі беларус — эўрапеец, як вы лічыце, то ці сьвет, Эўразьвяз, ЗША досыць рашуча рэагуюць на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі?
— На жаль, і Эўропа, і Злучаныя Штаты Амэрыкі, а больш за ўсё найбліжэйшыя суседзі Беларусі, я маю на ўвазе Ўкраіну, Польшчу і Літву, занадта доўга разгойдваюцца і не выкарыстоўваюць магчымасьці для ціску на Лукашэнку, на рэжым Лукашэнкі, які кіруецца з Крамля. Якраз важна вось гэтае разуменьне, што гэта не Лукашэнка. Важна ўзмацняць ціск на Крэмль, што дасьць магчымасьць узмацняць ціск на Лукашэнку і тым самым дамагчыся дапамогі беларускаму грамадзтву.
— Мы бачым чацьвёрты месяц акцыяў пратэсту ў Беларусі. І ўсе гэтыя акцыі мірныя, яны без радыкальных дзеяньняў, без агрэсіі. Як вы думаеце, наколькі гэта эфэктыўна?
— Акцыі ўжо ня мірныя. Мірнымі яны былі да моманту, калі загінуў Раман Бандарэнка. На сёньняшні дзень акцыі перайшлі зусім у іншую фазу. Сытуацыя ўжо ня мае мірнай разьвязкі. Таму трэба разумець, што Беларусь уваходзіць у паласу вельмі сурʼёзнага супрацьстаяньня, фіналізацыя якога будзе кровапралітнай. Тут вельмі важна, каб гэта разумелі ў Эўропе, разумелі суседзі, бо гэта адбудзецца пры ўмяшаньні Крамля ў сытуацыю. Ды ён і так ужо, па сутнасьці, тэхналягічна і з выкарыстаньнем спэцвойскаў кіруе і ўплывае на сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі тысяч пэнсіянэраў выйшлі на «Марш мудрасьці» ў Менску, сілавікі заблякавалі ім шлях на праспэкце. ФОТА і ВІДЭА— Што б вы цяпер сказалі Аляксандру Лукашэнку?
— Сы-ходзь! А-ды-ходзь! Як заўгодна, але ён павінен сысьці адтуль. Гэта адзіны шанец — і яму пазьбегнуць асабістай трагедыі, і даць магчымасьць Беларусі нармальна разьвівацца. Празь нечарговыя выбары абраць ўладу, сфармаваць адэкватную сыстэму кіраваньня.
— Вы лічыце, што ў Лукашэнкі яшчэ ёсьць шанец мірна сысьці?
— Скажам так, я дапускаю гэты варыянт, разумеючы рэакцыю грамадзтва. Але далейшае разьвіцьцё сытуацыі мінімізуе варыянт яе мірнай разьвязкі.