Новая рубрыка Свабоды: «Цытаты, якія дапамагаюць жыць». Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?
Вольга Гапеева:
Мяне падтрымліваюць наступныя цытаты на розныя няпростыя жыцьцёвыя сытуацыі.
З Натальлі Арсеньневай:
калі людзі пакрыўдзяць цябе,
калі хочацца плакаць, маліцца
ты ідзі ў цямнеючы лес
там у цішы так лёгка забыцца.
Як навальваецца шмат усяго, або калі бачу, як блізкія людзі пераймаюцца дробязямі (канешне ж, у іхнім разуменьні, гэта ніякія ня дробязі), кажу сабе і ім:
усё гэта пыл.
Цытата існуе ў розных варыянтах і, пэўна, зьяўляецца інтэрпрэтацыяй выразу з кнігі Эклезіяста „Vanitas vanitatum et omnia vanitas“, але менавіта ў такім выглядзе я пачула яе ад выдаўца Ігара Логвінава шмат гадоў таму.
Калі ж пачынаю хвалявацца, што мала зрабіла за дзень, узгадваю цытату аргентынскага паэта Рабэрта Хуараса (Roberto Juarroz) і ўсьміхаюся:
Сёньня я не зрабіў нічога
але столькі ўсяго адбылося ўва мне.
Для многіх людзей, якія занятыя інтэлектуальнай працай, творчы працэс працякае нябачна, даводзіцца шмат думаць, уяўляць, чытаць і абмяркоўваць, і часта пасьля цэлага дня такой працы — адзін радок ці ўвогуле — ніводнага. Але гэта ня значыцца, што працы не было, проста яна была схаваная ад вачэй і ня мела матэрыяльнага ўвасабленьня.
І на завяршэньне — цытата з прыпавесьці пра Будду:
Бо я ня раб твой.
Сэнс прыпавесьці ў тым, што ня варта залежаць ад таго, як цябе ацэньваюць іншыя людзі: сёньня яны цябе славяць, а заўтра — ганяць. Самаацэнка чалавека не павінна будавацца на знешніх меркаваньнях, якія пераменлівыя.
Выбар рэдакцыі:
Мужнасьць і настойлівасьць — чароўны талісман, перад якім цяжкасьці і перашкоды зьнікаюць, як дым у паветры.
Заўсёды галасуйце за прынцып, нават калі вы адзіны, хто так робіць.
Гэтыя словы належаць Джону Куінсі Адамзу (1767–1848), шостаму прэзыдэнту ЗША (1825–1829), сыну Джона Адамза — другога прэзыдэнта ЗША. На сваю прэзыдэнцкую пасаду Джон Куінсі Адамз быў абраны Кангрэсам ЗША, і гэта быў другі такі выпадак у амэрыканскай гісторыі; раней Кангрэс абраў прэзыдэнтам Томаса Джэфэрсана (займаў пост у 1801–1809 гг.).
Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануюць Алесь Аркуш і Ўладзіслаў ГарбацкіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць