Максім Баграцоў: Каля 40% маленькіх кампаній у працэсе выхаду зь Беларусі

Макс Баграцоў, архіўнае фота

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прыпыніў фінансаваньне праектаў у дзяржаўным сэктары Беларусі. Гэта значыць, што ўлады Беларусі страцілі сотні мільёнаў даляраў падтрымкі. Чым гэта пагражае эканоміцы, у эфіры «Настоящего времени» разважаў сябра Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў.

Самае галоўнае, што гэта значыць — гэта страта даверу да таго, што адбываецца ў Беларусі. У нас усё яшчэ дастаткова высокі ўзровень дзяржаўных прадпрыемстваў. Зразумела, што гэта тычыцца іх найперш.

Але насамрэч гэта бʼе па ўсіх. Уявіце, калі б гэта былі вашыя грошы, зь якім бы адчуваньнем вы нават прыватніку аддавалі б сёньня грошы ў Беларусі?

Адзін з нашых хабаў правёў апытаньне — каля 40% маленькіх кампаній у працэсе выхаду зь Беларусі.

У сэктары тэлекамунікацыі і інфармацыйных тэхналёгій у верасьні рост па інэрцыі быў 9,1%, у кастрычніку быў 1,9% рост ВУП. Гэта адна зь дзьвюх індустрый, якая забясьпечвае нейкі рост ВУП. Астатнія індустрыі ўвогуле не паказваюць рост ВУП.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыбытак упаў у 37 разоў. Як жывуць прамысловыя рэгіёны Беларусі, згодна з новай статыстыкай

Калі няма базавай бясьпекі, то няма даверу ні ў насельніцтва — яны здымаюць грошы з рахункаў банкаў, — ні ў інстытуцыянальных інвэстараў, як ЭБРР, ні ў якіх-колечы іншых інвэстараў, якія могуць інвэставаць усярэдзіне краіны. Ва ўсіх настрой аднолькавы. Не забывайцеся яшчэ, што Fitch Ratings таксама на мінулым тыдні панізіў рэйтынг Беларусі.

Пакутуюць у першую чаргу тыя самыя людзі, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць па інэрцыі Аляксандра Рыгоравіча: старэйшае пакаленьне, зь нейкіх аддаленых рэгіёнаў. У гэтым ёсьць іронія.

Ёсьць адчуваньне, што паціху разаграецца ўжо друкарскі станок. У нас насамрэч у некаторых інстытутах улады працуюць дастаткова прафэсійныя людзі, у прыватнасьці, у Цэнтральным банку, і бачна, што намагаюцца гэта рабіць у апошнюю чаргу. Але я думаю, што рэзэрваў хутка не застанецца. Ім трэба гэта ўжо сёлета — дзесьці плюс-мінус да канца году. Тут няма дакладнай даты. Але да канца году яшчэ трэба пераглядаць цэны на энэрганосьбіты, таму сьнежань нас чакае цікавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч: «Калі мы возьмем зброю, то перамога абыйдзецца нам даражэй»

Максім Баграцоў адпрацаваў у EPAM 23 гады, прайшоўшы шлях ад праграміста да старшага віцэ-прэзыдэнта, адказнага за тэхналягічныя рашэньні. Ён шмат гадоў пражыў за межамі Беларусі, але захаваў беларускі пашпарт. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён сышоў у бестэрміновы адпачынак і далучыўся да Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радослаў Сікорскі: пра неўмяшаньне ЭЗ, «польскую мяжу да Менску» і «чорных павукоў»