Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Банкаўская сыстэма Беларусі цалкам захопленая сілавікамі». Андрэй Стрыжак пра блякаваньне дапамогі пацярпелым


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Сузаснавальнік кампаній BY_help і BYSOL Андрэй Стрыжак у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» расказаў пра масавае блякаваньне рахункаў у беларускіх банках і дапамогі беларусам, пацярпелым ад рэпрэсій.

«Голас Амэрыкі»: На мінулым тыдні стала вядома аб тым, што праваахоўныя органы пачалі блякаваць рахункі беларусаў, якія атрымлівалі кампэнсацыі ад ініцыятывы BY_help. Што адбылося за гэты тыдзень, рахункі працягваюць блякаваць?

Андрэй Стрыжак: Сапраўды, рахункі часткі пераводаў, якія выконваліся наўпрост з аднаго з рахункаў сузаснавальніка кампаніі BY_help Аляксея Лявончыка ў Беларусь, былі пастаўлены пад блёк.

Агульная сума, пра якую мы ведаем з дакумэнтаў, — каля 1 мільёна 400 тысяч беларускіх рублёў, гэта прыблізна 550 тысяч эўраў. Гэта ня значыць, што ўся дапамога, якая ішла ад кампаніі BY_help, заблякаваная або арыштаваная, гэта ўсяго 14% ад агульнай сумы збору (агулам кампаніі By_help і фонду BYSOL удалося сабраць каля 7 мільёнаў даляраў), гэта не крытычная сума. Але гэта вельмі крыўдна. І гэта кажа пра тое, што ўлада пераходзіць межы кожны дзень, эканамічныя рэпрэсіі ўзмацняюцца.

Але тут ёсьць іншы вельмі важны аспэкт: аказваецца, што цяпер ніхто, у каго ёсьць грошы на рахунках у Рэспубліцы Беларусь, ня можа быць упэўнены ў іх захаванасьці. Любы перавод з-за мяжы можа трактавацца як перавод, накіраваны на падрыў дзяржаўных асноваў. Няма ніякай гарантыі, што ня будуць заблякаваныя ўсе мільярды даляраў і рублёў, якія знаходзяцца ў аплатнай сыстэме Рэспублікі Беларусь. Ёсьць нават выпадкі, калі блякаваліся пераводы паміж сваякамі.

Усе гэтыя пераводы — гэта кампэнсацыйныя выплаты за раненьні, за зьбіцьцё з боку сілавікоў. І, па сутнасьці, арыштам гэтых рахункаў улада другі раз рэпрэсавала гэтых людзей. Прычым звычайна блякуецца ня проста сума, атрыманая ад BY_help, а ўвесь рахунак, на які, напрыклад, прыходзіць зарплата. І калі гэта рахунак адзінага карміцеля ў сям’і, то сямʼя застаецца бяз сродкаў да існаваньня. Гэта грубае парушэньне правоў грамадзян, як і ўсё, што адбываецца цяпер у Беларусі. Улада выйшла з-пад кантролю і працягвае капаць пад сабой.

Беларуская банкаўская сыстэма цяпер цалкам захопленая сілавікамі і знаходзіцца пад іх кантролем. Ня выключана, што ў Беларусі наогул могуць перайсьці на наяўны разьлік, таму што няма даверу да банкаўскіх плацяжоў.

— А што могуць у такой сытуацыі зрабіць людзі, у якіх аказаліся заблякаваныя рахункі?

— Ёсьць альгарытм дзеяньняў: першы крок — гэта абскарджваць блякаваньне на ўсіх магчымых узроўнях. У першую чаргу гэта Сьледчы камітэт і гэта сам банк. Для чаго гэта трэба рабіць? Мы ня маем ілюзіяў, што хто-небудзь скажа: «Ай-яй-яй, мы, напэўна, памыліліся, вось вам вашы грошы назад!». Гэтага ня будзе. Але для таго, каб фіксаваць злачынствы, якія цяпер зьдзяйсьняе ўлада, патрэбныя дакумэнты. З чымсьці ж трэба будзе ісьці ў новы, справядлівы суд і даказваць віну канкрэтных выканаўцаў.

Другі крок — мы запусьцілі плятформу, якая дазваляе на тэставым узроўні наўпрост злучаць беларусаў унутры краіны з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе. Такім чынам, мы выключаем ланцужкі перадачы грошай на рахункі фонду ці кампаніі, а потым назад у Беларусь. Гэта ўжо спыніць немагчыма — для гэтага давядзецца цалкам заблякаваць усю аплатную сыстэму. Хоць я не зьдзіўлюся, калі ўбачу непрацуючыя банкаматы і карткі, ператвораныя проста ў кавалак бескарыснага плястыку.

— Як могуць цяпер дапамагчы беларусам жыхары іншых краін? Як гэта зрабіць бясьпечна, з улікам гэтых нядаўніх блякаваньняў?

— Фонд салідарнасьці BYSOL выкарыстоўвае мэханізмы пераводу грошай, якія ня завязаныя наўпрост на беларускую банкаўскую сыстэму. Яны ўключаюць яе як частку мэханізму, але большая частка мэханізму знаходзіцца ў сфэры блокчэйну, у сфэры крыптавалют. Мэханізмы, якія там выкарыстоўваюцца, дазваляюць шыфраваць пераводы так, што ўлада ня можа зразумець, які зь пераводаў зьяўляецца пераводам дапамогі, а які звычайным камэрцыйным пераводам.

Другі спосаб — ёсьць выдатная ініцыятыва, якая называецца INeedHelp _by, яна заснаваная беларусам з Флорыды, ЗША, Філіпам Гаўрышам. Яна працуе як сыстэма прадуктовай дапамогі. Вы, напрыклад, маеце картку амэрыканскага банка, аплачваеце заказ прадуктовага набору, які дазваляе пражыць сямʼі з чатырох чалавек на працягу двух тыдняў, і такім чынам падтрымліваеце людзей, якія былі звольненыя, арыштаваныя, зьбітыя.

Так што спосабаў дапамагчы хапае. Хоць мы ў камандзе жартуем: дзень, калі не было новых уводных, пражыты дарма. Мы працуем ва ўмова, якія пастаянна зьмяняюцца. Мы пастаянна пад іх падладжваемся і гатовыя да любых выклікаў.

У нас шмат новых ідэй: цяпер мы пачынаем прасоўваць ідэю падтрымкі дваровых ініцыятываў, фонд BYSOL цяпер запусьціў асобны збор пад падтрымку такіх нізавых структур. Мы доўгі час дапамагалі індывідуальна, але мы бачым, што ўжо пачалі фармавацца цэлыя структуры зь людзей, якія разумеюць, што такое салідарнасьць, што такое пачуцьцё пляча. І гэтыя структуры таксама будуць працаваць на перамены ў краіне і будуць атрымліваць нашу падтрымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG