Кіраўнік хакейнай фэдэрацыі Даніі Генрык Бак Нільсэн сказаў, што калі пацьвердзіцца гісторыя з Баскавым, то правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Беларусі «будзе падобным да падліваньня бэнзіну ў агонь», цытуе яго Tribuna з спасылкай на DR.
«Я сам на гэтым тыдні прысутнічаў на пасяджэньнях Міжнароднай фэдэрацыі хакею. І я магу выразна сказаць, што мы не перанесьлі чэмпіянат сьвету зь Беларусі ў Расею.
На падставе экспэртнага заключэньня мы абмеркавалі ўсе магчымыя варыянты, што тычацца чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі. Але нічога ня вырашана. Мы ня будзем весьці перамовы зь іншымі краінамі, пакуль не дамовімся пра перанос чэмпіянату сьвету. Але мы яшчэ не прынялі рашэньне.
Для мяне бясьпека і здароўе гульцоў і заўзятараў маюць найвышэйшы прыярытэт. Але сытуацыя ў Беларусі не супакоілася.
І калі гісторыя з Баскавым акажацца праўдай, то абсалютна відавочна, што гэта несумяшчальна з правядзеньнем чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі. Гэта будзе падобна да падліваньня бэнзіну ў агонь. Але пакуль я чуў пра гэтую гісторыю толькі з СМІ. Гэтага мы яшчэ не абмяркоўвалі ў IIHF», — сказаў Нільсэн.
Чэмпіянат сьвету па хакеі мае прайсьці з 21 да 6 чэрвеня 2021 году. У арганізацыі ёсьць каля 4 месяцаў да пачатку турніру, каб дакладна вызначыцца з краінамі-ўдзельніцамі. Такім чынам, канчатковага рашэньня варта чакаць да канца студзеня.
Герасіменя: Неўзабаве мы адправім у МАК заяву пра ролю Баскава ў забойстве Бандарэнкі
Трохразовая алімпійская мэдалістка і кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя паведаміла, што фонд зьбіраецца адправіць у Міжнародны алімпійскі камітэт заяву пра ролю кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава ў забойстве Рамана Бандарэнкі, піша Tribuna з спасылкай на DR.
«У найбліжэйшы час мы адправім у МАК заяву пра ролю Дзьмітрыя Баскава ў справе аб забойстве Бандарэнкі.
На гэты момант мы перадалі дакумэнты пра тое, што сем спартоўцаў зазналі дыскрымінацыю з боку НАК Беларусі. Таксама працуем над дакумэнтаваньнем іншых выпадкаў», — сказала Герасіменя.
Дзьмітры Баскаў таксама ёсьць сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова Наташы і Дзімы. Некалькі высноваў са скандальных зьліваўПра магчымы перанос чэмпіянату сьвету ўперўыню напісаў у Твітэры журналіст The Hockey News Раян Кэнэдзі.
Паводле Кэнэдзі, неўзабаве кіраўнік міжнароднай хакейнай фэдэрацыі Рэнэ Фазэль мае паехаць у Расею, каб абмеркаваць з прэзыдэнтам Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіславам Трацьцяком пытаньне пераносу матчаў зь Менску ў Маскву. Рыга захавае статус гаспадара чэмпіянату.
Віцэ-прэзыдэнт IIHF Кумала Калерва пазьней у этэры MTV Urheilun гэтыя зьвесткі зьняпраўдзіў. Ён сказаў, што міжнародная фэдэрацыя не абмяркоўвала перанос чэмпіянату ў Маскву.
На ягоную думку, «было б абсурдам», калі б матчы ў Беларусі аддалі Расеі, з увагі на тое, што Расея падтрымала Аляксандра Лукашэнку падчас пратэстаў у Беларусі.
Да таго ж, паводле ягонай інфармацыі, Уладзімір Трацьцяк цяпер у Цюрыху, таму Рэнэ Фазэль прынамсі пакуль не паедзе ў Расею, каб зь ім сустрэцца.
18 лістапада Міжнародная фэдэрацыя хакею прызнала, што ў Беларусі ёсьць праблемы зь бясьпекай і статыстыкай распаўсюду каранавірусу. Афіцыйна фэдэрацыя заявіла, што ёй патрэбна болей часу, каб вырашыць, ці пераносіць чэмпіянат зь Беларусі.
Кіраўнік IIHF Рэнэ Фазэль адзначыў, што калі б чэмпіянат трэба было правесьці цяпер, то ў Беларусі і Латвіі зрабіць гэта было б нерэальна.
Разам з тым Фазэль заявіў, што трэба зрабіць усё магчымае, «каб правесьці турнір з выбранымі гаспадарамі».
Латвія ўжо заявіла, што гатовая правесьці чэмпіянат сама. І забараніла ўезд старшыню беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыю Баскаву, якога западозрылі ў датычнасьці да пабіцьця загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі. Баскаў гэтыя абвінавачаньні адпрэчвае.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ўзьнікаюць цяжкасьці». IIHF яшчэ падумае, ці праводзіць чэмпіянат у Менску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у сеціве рэагуюць на аўдыёзапіс нібыта тэлефонных размоваў Эйсмант з Баскавым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітры Баскаў, якому закідаюць удзел у канфлікце з Бандарэнкам, на пяты дзень выступіў з заявай