Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеную Калесьнікаву пад вартай. Яе лісты зь СІЗА не даходзяць да адвакаткі

Марыя Калесьнікава.

Менскі гарадзкі суд у закрытым паседжаньні пакінуў без задавальненьня скаргу абароны Марыі Калесьнікавай на падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай.

Як паведамляе прэсавая служба штабу Віктара Бабарыкі, суд палічыў законным зьмяшчэньне яе пад варту да 8 студзеня.

Адвакатка Калесьнікавай Людміла Казак зьвярнула ўвагу, што рашэньне абвяшчалася на закрытым пасяджэньні, што не адпавядае Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу, бо ўсе пастановы суду зьяўляюцца публічнымі і павінны абвяшчацца ў прысутнасьці ўсіх ахвотных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву адмовіліся вызваліць пад заклад і падоўжылі арышт да 8 студзеня

Адвакатка заявіла, што ў палітзьняволенай Калесьнікавай застаюцца перабоі зь перапіскай:

«Мне Марыя адправіла каля 10 лістоў, зь іх прыйшло толькі чатыры. Дзе яшчэ мінімум шэсьць згубілася? Незразумела. Затрымка лістоў нават абаронцу — гэта трывожны званочак. Зараз мы з гэтым разьбіраемся: накіравана скарга начальніку турмы.

Днямі Марыя таксама зьвярнулася да начальніка турмы з заявай, каб ёй далі пералік тых лістоў, якія ад яе выходзяць, з указаньнем лёсу карэспандэнцыі. Яны такую інфармацыю абавязаныя прадстаўляць. Калі сытуацыя ня вырашыцца бліжэйшым часам, будзем рабіць далейшыя намаганьні па абскарджаньні. І гэта ўжо будзе кампэтэнцыяй пракуратуры»,— паведаміла Людміла Казак.

Паводле адвакаткі, Марыя адчувае сябе добра, яна бадзёрая і настроеная на барацьбу і посьпех.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перамоўнікі мусяць знаходзіцца ў роўных умовах». Калесьнікава пра «дыялёг» Лукашэнкі з апанэнтамі