6 лістапада сьледчыя падоўжылі тэрмін арышту сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Марыі Калесьнікавай. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе штабу Віктара Бабарыкі.
Раней сьледзтва адмовілася вызваліць пад заклад сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Марыю Калесьнікаву, паведаміла ТАСС яе адвакатка Людміла Казак.
Адвакатка ўжо прасіла перавесьці Калесьнікаву пад хатні арышт — адмовілі, пад асабістае паручальніцтва — адмовілі. Адвакатка яшчэ зьбіраецца прасіць вызваліць пад падпіску аб нявыезьдзе.
Гэтыя хадайніцтвы аргумэнтаваныя ў тым ліку тым, што шэраг іншых палітвязьняў раней вызвалілі з ізалятараў пасьля сустрэчы Лукашэнкі зь імі ў СІЗА КДБ. Калесьнікава на гэтую сустрэчу ехаць адмовілася.
Цяпер Калесьнікава, а таксама адвакат Максім Знак утрымліваюцца пад вартай у якасьці абвінавачаных па ч. 3 арт. 361 КК Беларусі (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці).
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязьнямі.
7 верасьня Марыю Калесьнікаву захапілі невядомыя ў цывільным, а потым спрабавалі гвалтам вывезьці ва Ўкраіну, але сябра Каардынацыйнай рады парвала пашпарт на мяжы і пакінула аўтамабіль падчас спробы прымусовай дэпартацыі з Беларусі. З санкцыі пракурора яна была ўзятая пад варту ў ноч на 8 верасьня.
16 верасьня ёй было прад’яўлена абвінавачаньне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу.