Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы 19 лістапада Анатоля Маркевіча міністрам культуры, даручыў яму ўрэгуляваць сытуацыю вакол Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.
«Вось вазьміце, да прыкладу, тэатар Янкі Купалы, на злобу дня. Усё сыдзе, мы з вамі пойдзем — з улады, з жыцьця, а гэтая агідная старонка застанецца на ўсё жыцьцё. Нацыянальны тэатар! Ня ведаю, ці памятаеш ты (зусім маладым яшчэ быў), калі Валодзя, твой бацька, працаваў (маецца на ўвазе Ўладзімер Рыжанкоў — бацька першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Максіма Рыжанкова), мы нават абмяркоўвалі часта гэтую праблему: тэатар у нужнік ператварыўся, і ў мяне пад акном у Адміністрацыі прэзыдэнта прыбіральня была, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — І я, як чалавек спакойны, не нацыяналіст — інтэрнацыяналіст поўны, думаю: ну гэта ж усё ж нацыянальны тэатар, гэта ж твар. І я ўсё зрабіў, каб ён ператварыўся ў гэтую цукерку, у цацку. Гэта як такая прыгожая вонкава дзіцячая цацка з добрай унутранай начынкай — я так марыў. Кантраляваў кадры, каб прыйшлі нармальныя, моладзь прыйшла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэатар у прастоі. У гэтым сэзоне спэктакляў ня будзе». Што адбываецца ў Купалаўскім«Прыйшоў адзін нягоднік, прасіўся туды, кляўся, што будзе верным краіне, Айчыне і прэзыдэнту, і што здарылася? Што здарылася з гэтай трупай?» — дадаў ён.
Як лічыць Лукашэнка, шэраг работнікаў скарысталіся сытуацыяй і на фоне пратэставых настрояў заявілі пра сябе. «Што, у гэтага Латушкі нутро было іншае? Ён што, перавярнуўся за тыдзень? Ды ён ужо паўжыцьця пражыў. Добра 20-гадовыя б перавярнуліся — задурманілі ім галаву. Ён жа, як яны самі кажуць, з карыта сёрбаў, рохкаў ля гэтага карыта не адно дзесяцігодзьдзе і „дыктатару“ прыслужваў. Што, у яго гэта ў адзін дзень зьявілася? Матуля яму расказала? Не, трухляціна была даўно. І не трухляціна, гнільлё было. І аказалася, на жаль, што так у многіх нашых „творчых“ работнікаў і іншых. Вось у чым сутнасьць, у чым праблема», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выступ „Харошак“ на Купалаўскай сцэне застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву», — Фонд культурнай салідарнасьціНа яго думку, некаторыя прадстаўнікі культуры, і тэатру Янкі Купалы ў прыватнасьці, былі пасьпешлівыя ў выказваньнях. «Ну добра, у вас такая думка, вы супраць гвалту, супраць яшчэ нечага — ну пацярпіце, вялікае бачыцца на адлегласьці, і вы зразумееце хутка, у чым тут сэнс. Не, яны ж выкацілі, выскачылі з гэтымі пратэстунамі ў той жа дзень. Значыць, у іх унутры гэта было пасеяна, закладзена, — сказаў Лукашэнка. — Таму ня трэба нікому вешаць локшыну на вушы, што гэта была рэакцыя на нейкі гвалт. Вы (прадстаўнікі сфэры культуры. — РС) павінны быць вытрыманыя, вы ж аблічча нацыі».
«Я да чаго кажу: мы сыдзем, а гэтая ганьба застанецца ў гісторыі беларускага народу як цяжкая пляма. Гэта ўжо нікуды не падзенеш, як і тое, што адбываецца ў нас у Менску, — працягнуў Лукашэнка. — Дзякуй богу, толькі ў Менску і, дзякуй богу, па нядзелях. Усе ж думаюць, гледзячы ў інтэрнэт, што ў нас краіна перавярнулася. Нават нашы найбліжэйшыя суседзі, расейцы, думаюць, што ж там адбываецца? Ды нічога не адбываецца таго, чаго некаму хацелася б — палякам, літоўцам або ўкраінцам, палітыкам».
- У жніўні купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім з Купалаўскага тэатру сышлі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыканты аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — больш за 60 чалавек. Цяпер Купалаўскі на вымушаным прастоі як мінімум да сьнежня, бо ў ім засталося каля дзесяці актораў.
- 14 верасьня Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы споўнілася 100 гадоў, да сьвяткаваньня гэтай даты купалаўцы рыхтаваліся ўвесь год. Акторы, якія пакінулі тэатар, адзначылі дату сумеснай паездкай у лес у грыбы.