Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выступ „Харошак“ на Купалаўскай сцэне застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву», — Фонд культурнай салідарнасьці 


Купалаўскі тэатар у нацыянальных колерах
Купалаўскі тэатар у нацыянальных колерах

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці выступіў з заявай адносна сытуацыі ў ансамблі «Харошкі». Дырыжор Іван Ерамеевіч падпісаўся пад адкрытым лістом дзеячаў культуры і 15 кастрычніка быў звольнены.

Паважаны і вядомы на ўвесь сьвет калектыў можа зганьбіцца і назаўжды сапсаваць рэпутацыю, якую выбудоўваў амаль паўстагодзьдзя, гаворыцца ў заяве.

«У калектыве праз адміністрацыйны ціск адбываецца раскол. Дырыжора прымусілі сысьці праз грамадзянскую пазыцыю, а тых, хто застаўся, схіляюць да ляяльнасьці і штрайкбрэхерства, — адзначаюць у фондзе. — Менавіта так можна расцэньваць настойлівую прапанову „Харошкам“ ад Міністэрства культуры зайграць ды станчыць на апусьцелай сцэне Купалаўскага тэатру, разагнанага рэжымам на сваё 100-годзьдзе. Гэта відавочная спроба падзяліць дзеячоў культуры на „сваіх“ ды „варожых“, крок супраць купалаўцаў, што змагаюцца з уладным гвалтам».

Аркестар ансамбля адмовіўся ад заплянаваных на 15 і 16 кастрычніка выступаў у Купалаўскім тэатры. Як вынік, канцэрты будуць праходзіць пад фанаграму, што ганебна для ансамбля, які заўжды працаваў з жывым гукам.

У праграме таксама заплянаваны выступ дзіцячай студыі «Харошак», хоць многія бацькі ня хочуць, каб іх дзеці выходзілі на сцэну. У першы дзень заплянаваны канцэрт для «вэтэранаў і вайскоўцаў». «Весялуха» на фоне гвалту і рэпрэсій — амаральна, лічаць у фондзе.

«Калі выступ „Харошак“ на сцэне Купалаўскага ўсё ж адбудзецца, гэта назаўсёды застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву і забясьпечыць яму статус „здраднікаў“. Міжнародная рэпутацыя будзе непапраўна сапсаваная», — канстатуе Беларускі фонд культурнай салідарнасьці, заклікаўшы танцораў і асабіста народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую адмовіцца ад выступу і такім чынам выявіць салідарнасьць з купалаўцамі, звольненым Іванам Ерамеевічам і ўсімі дзеячамі культуры, пацярпелымі праз свае перакананьні.

У сваю чаргу фонд гатовы ўсебакова падтрымаць удзельнікаў «Харошак» і абараніць іх ад адміністратыўных рэпрэсій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG