Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэатар у прастоі. У гэтым сэзоне спэктакляў ня будзе». Што адбываецца ў Купалаўскім


Купалаўскі тэатар
Купалаўскі тэатар

Аднак у Купалаўскім тэатры праходзяць кастынгі, хоць кіраўніцтва тэатру і Мінкульт не камэнтуюць інфармацыю пра набор новай трупы.

Свабода высьвятляла, чаму ўсё пакрыта такой таямніцай і ці магчыма за некалькі дзён набраць новую трупу ў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар.

Пасьля звальненьня генэральнага дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі ўсьлед за ім сышлі больш за 60 супрацоўнікаў, сярод якіх народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў і Зоя Белахвосьцік, мастацкі кіраўнік і рэжысэр Мікалай Пінігін, вядучыя акторы і рэжысэры Павал Харланчук, Раман Падаляка і іншыя.

У тэатры засталося 12 актораў. Сярод іх — народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсянікаў і Зінаіда Зубкова, заслужаная артыстка Тамара Міронава, зорка сэрыялаў Вольга Няфёдава. Застаўся і мастак Барыс Герлаван. Мінкульт абвясьціў, што афіцыйна тэатар у прастоі да сьнежня.

4 лістапада на прыём да міністра культуры Юрыя Бондара прыходзілі акторкі Міронава, Зубкова, Ельяшэвіч і мастак Герлаван, паведамляў афіцыйны тэлеграм-канал Мінкульту. Яны нібыта і прапанавалі правесьці кастынг.

«Таемна набяруць трупу, таемна будуць рэпэтаваць, а потым таемна граць спэктаклі?»

Мінкульт зьвярнуўся да актораў сталічных і абласных драматычных тэатраў, а таксама да студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Галоўны рэжысэр аднаго з абласных драматычных тэатраў пацьвердзіў Свабодзе, што сапраўды запрашалі актораў тэатру на кастынг, ён пра гэта чуў. Але дакладна ня ведае, ці пагадзіўся хто з «масьцітых». На яго думку, хутчэй за ўсё не.

«Ня думаю. Бо разумная, прыстойная творчая асоба на гэта ня пойдзе. Гэта будзе азначаць, што на сваёй кар’еры актор паставіць крыж. Можа, студэнты і спакусяцца на такую прапанову.

Але чаму так таемна ўсё адбываецца, а не адкрыта? Зараз нейкі таемны кастынг, пра які маўчыць кіраўніцтва тэатру і Мінкульт. Потым таемна набяруць трупу, будуць таемна рэпэтаваць. А потым таемна граць спэктаклі?» — задае рытарычнае пытаньне галоўны рэжысэр аднаго з абласных тэатраў.

А вось студэнты прынамсі БДУКМ у сераду бралі ўдзел у кастынгу. Паказвалі этуды, чыталі вершы, танцавалі — дэманстравалі свае таленты. У журы засядалі акторы тэатру, якія засталіся, а таксама міністар культуры Юры Бондар. Пра вынікі ім пакуль нічога не паведамілі.

Памочнік міністра, прэсавы сакратар Міністэрства культуры Ілона Немава ў чацьвер адмовілася пракамэнтаваць сытуацыю, аднак не абвергла зьвесткі, што кастынгі сапраўды праводзяцца.

«Пакуль „Харошкі“ і аркестар Міхаіла Фінбэрга замест тэатру»

Свабода зьвязалася з акторкай Купалаўскага Вольгай Няфёдавай, якая, прынамсі ў сераду, была ў журы. Дарэчы, у кулюарах кажуць, што менавіта Вольга Няфёдава прэтэндуе на пасаду мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатру.

Вось што Няфёдава казала ў нядаўнім інтэрвію пра мастацкага кіраўніка купалаўцаў Мікалая Пінігіна: «Чамусьці Мікалай Мікалаевіч склаў зь сябе паўнамоцтвы. Як чалавека я яго разумею, можа, стаміўся, можа, вычарпаў сябе».

Вольга Няфёдава ад камэнтароў адмовілася.

«Я звычайная актрыса тэатру. Зьвяртайцеся да кіраўніцтва. Я нічога камэнтаваць ня буду», — сказала Вольга Няфёдава.

Тое, што студэнты сапраўды былі на кастынгу, Свабодзе пацьвердзіў і намесьнік генэральнага дырэктара тэатру Рыгор Лапавок.

«Так, студэнты прыходзілі. Але я не зусім у курсе: я адказваю за мэханізмы, сцэну, тэхнічную частку».

Намесьнік генэральнага дырэктара тэатру Міхаіл Маеў таксама сказаў, што ня будзе камэнтаваць інфармацыю пра кастынг.

«Без камэнтароў», — сказаў ён. І праз паўзу дадаў:

«Ды ня будзе тэатру! Прынамсі ў гэтым сэзоне. Да той пары, пакуль ня зьменіцца сытуацыя. Пакуль „Харошкі“ і аркестар Міхаіла Фінбэрга замест тэатру», — сказаў спадар Маеў.

На жартаўлівую заўвагу, што журналісты дагэтуль спрачаюцца — на канцэрце аркестру Фінбэрга было 9 ці 11 гледачоў, Міхаіл Уладзімеравіч Маеў таксама адказаў з гумарам:

«Адзінаццаць. На першым канцэрце было дакладна адзінаццаць гледачоў. Потым уключылі „адміністрацыйны рэсурс“, і залю крыху запоўнілі.

Як ні сумна, да лета нічога ня будзе, дакладна ня будзе ніякіх спэктакляў. Тэатар знаходзіцца ў прастоі», — запэўніў Свабоду намесьнік гендырэктара Міхаіл Маеў.

Віктар Манаеў: «Гэта нават ня жанр камэдыі, не камэдыя абсурду. Салтыкоў-Шчадрын і Гогаль адпачываюць»

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў на пытаньне Свабоды, ці магчыма правесьці кастынг і хуценька набраць новую тэатральную трупу, шчыра і адкрыта зарагатаў:

Няўжо праўда нехта сур’ёзна гэта ўспрымае? Трупы тэатраў фармуюцца, выкрышталізоўваюцца дзесяцігодзьдзямі. Немагчыма набраць актораў у Нацыянальны тэатар за дзень-два. Нават за месяц-два. Гэта жывы працэс, які вядзецца пры жывой трупе. Дна няма. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта бяздоньне. А тэатар — як адбітак усяго, што адбываецца ў краіне.

Гэта наагул абсурд, узьведзены ў нейкую найвышэйшую ступень. Акрамя сьмеху, гэта ня можа выклікаць ніякай іншай рэакцыі. Не абурэньне, не асуджэньне, а менавіта сьмех.

Гэта нават ня жанр камэдыі, не камэдыя абсурду. Гэта больш гратэскна. Уявіце, апошнія дзесяцігодзьдзі Купалаўскім тэатрам кіравалі мэтры — Валеры Раеўскі, Мікалай Пінігін. А цяпер хто?»

Віктар Манаеў у спэктаклі «Кароль Лір»
Віктар Манаеў у спэктаклі «Кароль Лір»

Народны артыст не называе пайменна, каго рыхтуюць на мастацкага кіраўніка тэатру. Абураецца ён і інтэрвію, якія даюць ягоныя цяпер ужо былыя калегі, што засталіся ў Купалаўскім. Аднак прозьвішчаў таксама не называе.

«Хоць бы ўжо памаўчалі, але ж пачалі інтэрвію раздаваць. Не разумеюць, няма адэкватнага водгуку на сытуацыю. Можа, і праўда розум страчваецца зь цягам часу. Як падумаеш пра гэта, дык і старэць страшна (сьмяецца).

Маўчаньне — золата. Калі не хапае розуму — проста памаўчы. У гэтым будзе глыбіня — калі ты стары чалавек, проста памаўчы. Так падстаўляюць сябе!

Салтыкоў-Шчадрын і Мікалай Гогаль адпачываюць. Але гэта дае надзею, калі ў такую фазу пераходзіць. Гэта ўжо нават не псыхапаталёгія, мне падаецца, што ў псыхіятрыі такога тэрміну няма. Аднак дае надзею», — разважае мэтар беларускай сцэны Віктар Манаеў.

Народны артыст перакананы, што доўга ў прастоі Купалаўскі не застанецца: у тэатар вернецца старая трупа. На пытаньне, якую п’есу ён прапануе паставіць пасьля вяртаньня, каб адпавядала часу і настроям прыхільнікаў тэатру, не адказвае.

«Гэта вы ў рэжысэра спытайцеся. Мая мара — калі ўсе зьбяруцца разам: купалаўцы на сцэне, прыхільнікі ў глядацкай залі, і будуць доўга пляскаць у ладкі адзін аднаму, абменьвацца любоўю. Бо 100 год тэатар быў у любові. Проста каб стаялі разам і адзін аднаму прызнаваліся ў любові. Пакуль не да спэктакляў, а толькі б сабрацца разам! Я думаю, дажывем!» — перакананы Віктар Манаеў.

Раман Падаляка: «Прыйдуць Шарыкавы, і што яны будуць там рабіць?»

Вось як камэнтуе сытуацыю актор і рэжысэр Раман Падаляка.

«Кажуць, што ангельскі газон трэба даглядаць, падстрыгаць мінімум 100 гадоў, каб ён выглядаў прыстойна. Традыцыі перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Тэатар — гэта ня проста выпадковыя людзі, нават ня ўсе супэрпрафэсіяналы прыжываюцца ў тэатры. Трупа крышталізуецца, і гэты працэс адбываецца дзесяцігодзьдзямі. Ну, набяруць зараз выпадковых людзей. Прыйдуць Шарыкавы, і што яны будуць там рабіць?» — пытаецца Раман Падаляка.

Раман Падаляка
Раман Падаляка

Падаляка кажа, што студэнтаў, якім цяпер прапануюць ісьці на кастынг, яму нават шкада.

«Бо студэнты — людзі паднявольныя ў тым сэнсе, што могуць трапіць па разьмеркаваньні. Але прапануюць і сталым акторам іншых тэатраў. Хто туды прыйдзе і што там будзе рабіць — гэта ўжо на іх сумленьні. Як кажуць, „хто быў нікім, той стане ўсім“. Чалавек жа павінен мець нейкі досьвед. Тэатар павінен мець стратэгічны напрамак, як ён павінен разьвівацца, якую драматургію выбіраць, як прысутнічаць у прасторы. Гэта як у шахматах: кожны наступны ход таго, хто ня ўмее гуляць, набліжае паразу», — разважае Раман Падаляка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG