Ужо ў першы дзень у ЗША і Канадзе было прададзена амаль 890 тысяч асобнікаў кнігі ўспамінаў Барака Абамы «Абяцаная зямля». Выглядае, што гэта выданьне можа стаць самай прадаванай кнігай прэзыдэнцкіх мэмуараў у сучаснай гісторыі.
Як піша The Guardian, першы дзень продажаў, які паставіў рэкорд для выдавецтва Penguin Random House, уключае папярэднія замовы, электронныя кнігі і аўдыё-вэрсіі.
«Мы ў захапленьні ад продажаў у першы дзень, — цытуе The Guardian выдаўца Дэвіда Дрэйка. — Гэта адлюстроўвае шырокае ўзрушэньне, якое выклікае ў чытачоў доўгачаканая і незвычайна напісаная кніга прэзыдэнта Абамы».
Адзінай кнігай былога жыхара Белага дома, якая наблізілася да гэтай лічбы продажаў, былі мэмуары Мішэль Абамы «Станаўленьне», якія ў першы дзень былі прададзеныя ў колькасьці 725 000 асобнікаў у Паўночнай Амэрыцы і з моманту выхаду ў 2018 годзе перавысілі наклад 10 мільёнаў па ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішэль Абама расказала пра дэпрэсію праз пандэмію і ТрампаПаводле стану на поўдзень серады, новая кніга Абамы займала першае месца на Amazon.com і сеткі Barnes&Noble.com. Джэймс Даўнт, генэральны дырэктар Barnes&Noble, заявіў, што сетка супэрмаркетаў лёгка прадала больш за 50 000 асобнікаў у першы дзень і разьлічвала дасягнуць паўмільёна цягам дзесяці дзён.
Для параўнаньня, «Маё жыцьцё» Біла Клінтана ў першы дзень было прададзенае ў Паўночнай Амэрыцы ў колькасьці каля 400 000 асобнікаў, а «Ключавыя рашэньні» Джорджа Буша-малодшага — каля 220 000
Найхутчэй прадаванай кнігай застаецца сёмы і апошні раман Дж. К. Роўлінг пра Гары Потэра «Гары Потэр і рэліквіі сьмерці», які выйшаў у 2007 годзе і быў прададзены больш чым 8-ю мільёнамі асобнікаў на працягу 24 гадзінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абама стане прадусарам сэрыялу пра Трампа768-старонкавая кніга Абамы выйшла ўсяго праз два тыдні пасьля дня выбараў у ЗША. У ёй расказваецца пра ключавыя моманты прэзыдэнцтва, такія, як барацьба за закон аб даступнай дапамозе і забойства Усамы бін Лядэна. А таксама — развагі Абамы пра ўзвышэньне Трампа.
«Чытаць аўтабіяграфію Барака Абамы ў апошнія бурныя дні Дональда Трампа — гэта глядзець у прорву паміж двума супрацьлеглымі бакамі чалавецтва і яшчэ раз зьдзіўляцца, як тая самая краіна выбрала двух такіх неаднолькавых людзей», — напісаў у Guardian Джуліян Боргер у сваім нядаўнім аглядзе.
Ва ўступе да кнігі, датаваным жніўнем 2020 году, Абама піша, што «кніга працягвала павялічвацца ў аб’ёме», бо ён бачыў, што патрэбна сказаць болей. Ён таксама працаваў ва ўмовах, якія «ня цалкам прадбачыў», пачынаючы ад пандэміі і заканчваючы пратэстамі BLM, а таксама «самым хвалюючым» часам, калі, як лічыў Абама, «дэмакратыя краіны, выглядае, балянсуе на мяжы крызісу».
Абама ўжо напісаў два вядомыя творы «Мроі ад майго бацькі» і «Дзёрзкасьць надзеі», якія прадаюцца мільённымі тыражамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн назваў Расею галоўнай пагрозай для ЗШАУ сваіх мэмуарах 44-ы прэзыдэнт ЗША згадвае і пра пуціна. Ён піша, што Пуцін нагадаў яму сучасную вэрсію карумпаваных палітычных босаў, якія кіравалі гарадамі ў ЗША ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя.
Гэтыя кіраўнікі, піша Абама, разглядалі апякунства і хабарніцтва «як законны інструмэнт гандлю».
«У такім сьвеце адсутнасьць маральных прынцыпаў, пагарда любымі высакароднымі памкненьнямі, якія выходзяць за межы назапашваньня ўлады, не былі заганай. Яны былі перавагай», — напісаў 44-ы прэзыдэнт ЗША.
Абама заявіў, што Пуцін, які кіраваў Расеяй у якасьці прэзыдэнта або прэм’ер-міністра на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў, стварыў краіну, «якой, магчыма, баяцца, але на якую не раўняюцца».
Паводле яго, мала хто з грамадзянаў краінаў, якія разьвіваюцца, шукаюць у Маскве «натхненьня», калі такія наагул ёсьць.
У Абамы, які быў прэзыдэнтам з 2009 па 2017 год, былі вельмі напружаныя адносіны з Пуціным. Былы сэнатар ад штату Ілінойс прыйшоў да ўлады ў неспакойны для амэрыканска-расейскіх адносінаў час: Масква ўварвалася ў суседнюю Грузію ў жніўні 2008 года, усяго за тры месяцы да перамогі Абамы на прэзыдэнцкіх выбарах. Хоць Абама першапачаткова імкнуўся палепшыць адносіны з Масквой, рост недаверу, рознагалосьсі ў зьнешняй палітыцы і адкат дэмакратыі ў Расеі стрымлівалі прагрэс.