19 лістапада Юрыя Бондара пазбавілі пасады. Свабода прыгадвае гісторыі, зьвязаныя з былым кіраўніком Мінкульту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зрабіў свайго былога памочніка міністрам культурыАдмаўляў небясьпеку каранавірусу
«Нармальныя людзі ходзяць бяз маскі. Рассаднік мікробаў, — сьцьвярджаў Юры Бондар на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай пачатку „Славянскага базару“ ў ліпені 2020 году. — Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае. Вось дырэктар фэстывалю Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек».
Абавязковы масачны рэжым быў уведзены на ўсёй тэрыторыі Беларусі 18 лістапада, за дзень да пазбаўленьня Бондара пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ліпені ў Віцебску вырашылі правесьці «Славянскі базар», нягледзячы на пандэмію
Пры ім звольніўся амаль увесь калектыў Купалаўскага тэатру
Юры Бондар асабіста прыяжджаў у Купалаўскі тэатар суцішыць пратэсты актораў, якія пачаліся пасьля звальненьня дырэктара Купалаўскага Паўла Латушкі. Гэта адбылося 18 жніўня. Акторам Бондар заявіў, што не будзе размаўляць зь імі на палітычныя тэмы, і паведаміў, што неўзабаве ў тэатры будзе прызначаны новы дырэктар, які разгледзіць напісаныя імі заявы на звальненьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўцы выставілі ўльтыматум міністру культуры: Латушку аднавіць, міністра ў адстаўку. ФОТАНеўзабаве пасьля гэтага большасьць актораў Купалаўскага звольнілася, дзейнасьць тэатру спынілася, ён не працуе дагэтуль. На сцэне Купалаўскага без асаблівага попыту некалькі разоў выступаў аркестар Міхаіла Фінбэрга. Цяпер абвешчаны набор у новую трупу.
Палітоляг адукацыяй, славянафіл перакананьнямі
Бондар скончыў юрыдычны факультэт БДУ ў 1997 годзе, у 2009-м атрымаў навуковае званьне дацэнта ў спэцыяльнасьці «паліталёгія». Яго публікацыі можна знайсьці ў афіцыйным часопісе «Беларуская думка».
«Да актывізацыі маральна-патрыятычнага выхаваньня, абнаўленьня асобасна-прафэсійнай падрыхтоўкі будучых спэцыялістаў падахвочвае і аб’ектыўная рэальнасьць з такімі праявамі, як трагічныя падзеі ва Ўкраіне і іншых дзяржавах; дэструктыўныя, непрадказальныя працэсы ў шматпалярным сьвеце; крывадушна закамуфляваная рэалізацыя ЗША і іх сатэлітамі ідэалёгіі глябалізму... Варта падкрэсьліць, што ў сучасных умовах надзвычай важна захаваць духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў, фармуючы ў прадстаўнікоў малодшых пакаленьняў пачуцьцё дачыненьня да Вялікай Перамогі», — пісаў Юры Бондар у адным зь іх.
Дапамагаў выбрацца ў парлямэнт Ірыне Дарафеевай
Гэта здарылася ў 2016 годзе, Бондар тады кіраваў яе ініцыятыўнай групай. Дарафеева на выбарах перамагла, але ў 2019 годзе паўторна балятавацца не стала. Сам Бондар таксама быў дэпутатам, але толькі Мінгарсавету, балятаваўся ў Чыгуначнай акрузе. Яго супернікам на выбарах быў Віталь Рымашэўскі, зь якім Бондар уступіў у канфлікт і нават напісаў на сустаршыню БХД заяву ў міліцыю.
Зьбіраўся разьвіваць сучаснае беларускае мастацтва
Пра гэта Юры Бондар паведаміў журналістам неўзабаве пасьля свайго прызначэньня на пасаду міністра ў 2017 годзе.
«Мы павінны прасоўваць нашы нацыянальныя культурныя трэнды, ствараць новыя і разьвіваць сучаснае беларускае мастацтва, — гаварыў Бондар. — Недастаткова сёньня ствараць культурны прадукт і пры гэтым ніяк яго не прасоўваць. Патрэбна папулярызацыя творчых работ, бо беларускай культуры ёсьць чым ганарыцца».