Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануюць Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Акулін

Гомель, 30 жніўня 2020 г.

Новая рубрыка Свабоды: «​Цытаты, якія дапамагаюць жыць»​. Дасылайце нам свае ўлюбёныя цытаты, якія судакранаюцца зь цяперашнім часам беларусаў і Беларусі і з надзённымі для беларускай рэчаіснасьці пытаньнямі: Як годна жыць? Што рабіць і думаць? Як супрацьстаяць барбарству, гвалту і хлусьні?

Зьміцер Дашкевіч:

Усё магу ў Ісусе Хрысьце, які мацуе мяне.

«Пасланьне да піліпянаў Сьвятога апостала Паўла» 4:13

Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.

«Псальма» 36:10

Эдуард Акулін:

«Прызнаюся шчыра, яшчэ ўчора раніцай, беручыся згадаць тройцу сваіх любімых цытат, я плянаваў пачаць з самых аптымістычных радкоў самага трагічнага паэта Беларусі Максіма Багдановіча: „Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня!“. Але нечаканая і скрушная навіна аб сьмерці Рамана Бандарэнкі змусіла голасам нашага нацыянальнага Генія, задыхаючыся ад гневу і абурэньня, роспачна выгукнуць-запытацца:

Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! Ці хваце нам сілы?!

Гэтыя радкі з верша „Краю мой родны! Як выкляты Богам“, напісанага паэтам 110 гадоў таму, на вялікі жаль, не згубілі сваю актуальнасьць для беларусаў і па сёньня… Чаму? За што? За якія правіны на лёс нашага народа выпаў такі горасны гасподні вырак? Можа, за тое, што мы ў „бязьмежна-суровы“ час працягваем спаць, як „зерне ў ральлі“? Дык сёньня акурат тая самая пара, каб нарэшце прачнуцца, стаць поплеч шчыра-шчыльна, „як на касьбе ці на сяўбе“, і на ўсю моц для саміх сябе і ўсяго сьвету выдыхнуць: „Верым! Зможам! Пераможам!“».

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануюць Ганна Севярынец і Альгерд Бахарэвіч

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты, якія дапамагаюць жыць