Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі ад імя дзяржаў-чальцоў, прадстаўленых у Менску, разам з амбасадамі Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і ЗША выступілі з сумеснай заявай у сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У ёй дыпляматы асудзілі пашырэньне прымяненьня гвалту і парушэньні правоў чалавека і грамадзянскіх правоў у Беларусі пасьля, як гаворыцца ў заяве, сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.
Дыпляматы нагадалі, што колькасьць затрыманьняў мірных дэманстрантаў набліжаецца да 30 000. Колькасьць палітычна матываваных крымінальных спраў набліжаецца да 900. Сьпіс палітычных вязьняў працягвае пашырацца і налічвае больш за 100 імёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: мы панізілі ўзровень кантактаў зь Беларусьсю ва «Ўсходнім партнэрстве» яшчэ раней«Да гэтага часу беларускія ўлады адказвалі на нашы сумесныя дыпляматычныя намаганьні выгнаньнем і запалохваньнем нашых калег. Мы прапануем уладам паўторна разгледзець нашы неаднаразовыя запыты аб доступе да палітычных зьняволеных і пэнітэнцыярных устаноў, каб мы маглі праверыць усё новыя паведамленьні пра непрымальныя ўмовы ўтрыманьня ў турмах і бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі і зьняволенымі ў Беларусі», — адзначаецца ў заяве.
Дыпляматы заклікалі беларускія ўлады неадкладна спыніць «гвалт без разбору» ў дачыненьні да ўласнага народу, вызваліць усіх несправядліва затрыманых і прапанавалі аказваць падтрымку і спрыяць нацыянальнаму дыялёгу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прыпыняе дыялёг з Эўразьвязам аб правах чалавека