26-гадовы Павал Кабуш, якога затрымалі 8 лістапада ў Менску і аштрафавалі на 540 рублёў, расказаў, як амапаўцы прымусілі яго гаварыць на відэа пра дымавыя шашкі, якія ён нібыта хацеў кідаць у амапаўцаў. Павал расказаў Свабодзе, што насамрэч у яго не было ніякіх шашак, ён іх не кідаў і не зьбіраўся кідаць.
Павал Кабуш займаецца кампутарнай графікай. Яго затрымалі паміж стэлай і станцыяй мэтро «Няміга». Ён не супраціўляўся, калі яму сказалі ісьці ў мікрааўтобус.
«У іншай сытуацыі я, вядома, уцякаў бы, як ня раз было, але тут АМАПу рэальна было процьма і перакрыта ўсё з усіх бакоў», — кажа ён.
У бусе яму загадалі стаць на калені, білі па галаве і прымусілі сказаць пароль ад тэлефона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы адчулі сябе народам і гаспадарамі ў сваёй краіне». Сьвятлана Ціханоўская пра 100 дзён пратэстаў
Што напісалі афіцыйныя СМІ?
Сайт афіцыйнай газэты sb.by паказаў відэа, на якім Паўла ў бусе дапытваюць амапаўцы. Загалоўкі артыкулаў былі шматабяцальныя: «Цьвікі пад коламі, дымавыя шашкі, камяні ў кішэнях — акцэнты вулічныя бандыты расставілі ўжо з пачатку нямірнага пратэсту», «Адны зьбіраліся кідаць дымавыя шашкі, іншыя „гулялі“ з каскамі і камянямі. У Менску — чарговы марш». У Паўла амапаўцы пыталіся на відэа:
— Раскажыце, зь якой мэтай вы прыйшлі на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства?
— З мэтай закідаць шашкамі...
— Якімі шашкамі?
— ...супрацоўнікаў АМАПу. Дымавымі.
— Дзе вырабляліся шашкі?
— Шашкі вырабляліся... Я ня ведаю, дзе.
На гэтым паказанае відэа абрываецца.
Што было папраўдзе?
Калі амапаўцы атрымалі доступ да тэлефона Паўла, то ўбачылі ў ім фрагмэнты кліпа, якія хлопец пакінуў на памяць. Месяц таму як супэрвайзэр спэцэфэктаў ён браў удзел у здымках кліпа для музычнай групы Korn, які рабіўся на замову кампаніі Wargameing.
«Здымкі праходзілі ў пяшчаным кар’еры за Менскам. Для стварэньня атмасфэры спэцыяльна навучанымі прафэсіяналамі-піратэхнікамі выкарыстоўваліся дымавыя машыны і дымавыя шашкі (на відэа відаць, як акуратна зь імі абыходзіліся, кідаць іх, вядома, хутчэй за ўсё, немагчыма). Ды і наогул дымавыя шашкі ніякай шкоды не наносяць, іх у асноўным для прыгажосьці і выкарыстоўваюць, можна знайсьці адпаведныя відэа на ютубе», — кажа Павал Кабуш.
Амапаўцы пачалі распытваць пра гэта відэа, знойдзенае ў тэлефоне Паўла. Яны былі ўпэўнены, што гаворка ідзе пра выраб шашак для нападу на АМАП.
«Сталі пытацца (крыкам): „Навошта рабілі дымавыя шашкі?!“ На што я ў зьдзіўленьні адказваў, што ніякіх шашак не рабіў. Іх такі адказ не задавальняў, і яны працягвалі біць па галаве ўсё мацней і перапытваць усё ў больш агрэсіўнай манеры. Па іхным тоне было зразумела, што іншы адказ іх не задаволіць, ды і ў вушах ужо зьвінела. Потым амапавец, які сядзеў на пярэднім сядзеньні, сказаў нешта накшталт: „Скажаш, што нам трэба, — усё будзе добра, адпусьцім“. На што я падумаў: ого, гэта кшталту яны хочуць зь мяне прызнаньне выбіць, як бывае ва ўсякіх фільмах».
Павал кажа, што амапаўцы мелі вельмі сур’ёзныя намеры, таму не было іншага выйсьця, як падыграць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія раны загойваюцца доўга». Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты пра 100 дзён пратэсту
Афіцыйныя СМІ абрэзалі відэа
Афіцыйныя СМІ паказалі толькі частку запісу. Павал расказаў, пра што амапаўцы пыталіся на відэа далей і што ён ім адказваў.
«Паказалі толькі частку, і выйшла неяк так:
— А хто рабіў шашкі?
— Э-э-э... Я ня ведаю.
— Дзе вы іх хацелі кідаць?
— М-м-м, а дзе вы хочаце?
— На Пушкарах?
— Ну добра, няхай на Пушкарах.
— Як даведаліся, як іх рабіць?
— Гм-м, ну можа, з тэлеграм-каналаў? (ім такі адказ асабліва спадабаўся, яны такія: „Так, сапраўды, тэлеграм-каналы“).
— Зь якіх тэлеграм-каналаў?
— Гм-м, ну няхай можа зь „Нехты“?
— Якой яшчэ „Нехты“?
Павал Кабуш кажа, што тут у амапаўцаў зьявіліся нейкія сумневы.
«Яны спыталі: вось у цябе на тэлефоне відэа, дзе вы рыхтуеце дымавыя шашкі для нападу на АМАП. Тут я, вядома ж, зразумеў, пра што гаворка, і патлумачыў адкуль гэтыя відэа і як мы іх зрабілі».
«На сьпіне намалявалі чырвоны крыж»
Ампаўцы паспрабавалі нанава запісаць допыт, але Павал казаў ужо, што ніякіх шашак не рабіў, і патлумачыў, як зьявіліся відэа ў яго тэлефоне.
«Яны, вядома ж, засмуціліся, адзін сказаў другому, што я ўжо нічога не скажу. Мяне павярнулі тварам у сядзеньне, яшчэ пару разоў ударылі, сьцягнулі рукі сьцяжкамі. Рукі пазначылі фарбай з балёнчыка, а на сьпіне намалявалі чырвоны крыж. Сказалі, што на крыміналку я ўжо нагаварыў», — апавядае Павал.
Пазьней, калі Паўла перасаджвалі ў аўтазак, амапаўцы сказалі канваіру, маўляў, ёсьць доказы, што ён рыхтаваў напад на АМАП.
«Я сказаў, што няма ніякіх доказаў, і за гэта адразу атрымаў ад канваіра сурʼёзны ўдар у жывот і зразумеў, што спроба была наіўная. З таго часу ня мела значэньня, што здарылася, чырвоны крыж проста азначаў, што гэтага чалавека трэба жорстка біць. Рэбры дагэтуль баляць. У аўтазаку сказалі клясычнае „Прымі жорстка“, пабілі і пасадзілі ў клетку, потым туды падсадзілі яшчэ трох хлопцаў. Давезьлі да РУУС, там хлопцаў вывелі, а мяне пакінулі ў аўтазаку, каб яшчэ раз пабіць. Пасьля гэтага павялі ў РУУС з усімі, трохі дабаўляючы па дарозе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 дзён беларускай рэвалюцыі. Лічбы
«Потым далі азнаёміцца з тым, у чым мяне вінавацяць»
У пастарунку ў Паўла спыталіся, за што яму намалявалі крыж. Калі ён дастаў асабістыя рэчы, а сярод іх былі незвычайныя навушнікі, спыталі, ці выкарыстоўваліся яны для сувязі з каардынатарамі.
«Пасьля гэтага сьледчы сказаў мне: „Тэрарыст, так?“ і накіраваў далей чакаць. Потым далі азнаёміцца з тым, у чым мяне вінавацяць. І там быў звычайны ўдзел у масавым мерапрыемстве — адміністрацыйка».
У пратаколе напісалі, што віну цалкам прызнаў, праходзіў міма і падышоў паглядзець, пасьля чаго быў затрыманы.
Павал Кабуш цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Ён скончыў факультэт радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій Белдзяржунівэрсітэту з чырвоным дыплёмам.
«Спакойна працаваў і да выбараў, вядома, як і ўсе, разумеў, што ўсё дрэнна, але больш клапаціўся пра сябе. Як і многія думаў, што нас занадта мала і нічога ня выйдзе. Цяпер жа ўпэўнены, што нас большасьць і ў нас няма шанцу прайграць», — кажа Павал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хлопец зь відэа, дзе сілавікі жорстка затрымліваюць людзей у краме на Чарвякова, расказаў, што адбылося