Сьвятлана Ціханоўская выказалася пра беларускі пратэст і расказала, над чым працуе яе каманда.
«Я вельмі ганаруся беларускім народам, які прачнуўся, устаў з каленяў, падняў сьцяг і выйшаў на вуліцу змагацца за ўласную годнасьць. За 100 дзён мы адчулі сябе народам і гаспадарамі ў сваёй краіне. Я ведаю дакладна, што пасьля гэтых падзей беларускі народ ніколі больш не паверыць Лукашэнку. Нават калі яму ўдасца ўтрымацца яшчэ пару месяцаў, ён будзе жыць у краіне, дзе яго кожны ненавідзіць», — сказала яна.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, пратэст зьмяніўся.
«Раней людзі выходзілі з розных прычынаў: каб выказаць сваё абурэньне падманам пры падліку галасоў, за дэмакратычную будучыню, каб падтрымаць рабочых. Цяпер людзі выходзяць, каб выратаваць усіх і адзін аднаго ад беззаконьня, гвалту і расправы рэжыму, які ўчыніў у нашай краіне дзяржаўны тэрор. Многія выходзяць, таму што хочуць пераменаў у краіне, а з Лукашэнкам яны немагчымыя, — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Я не перастаю захапляцца беларусамі, якія працягваюць барацьбу кожны дзень. Многія выходзяць на маршы і акцыі пратэсту, арганізоўваюць страйкі, малююць на сьценах, вывешваюць сьцягі. Гэты мірны, пасьлядоўны пратэст не дае спакою рэжыму. Людзі настроеныя змагацца да перамогі. Лукашэнка, напэўна, хацеў бы задушыць пратэст і ператварыць краіну ў велізарную турму, але ў яго гэта не атрымаецца».
Паводле Ціханоўскай, беларусы пратэстуюць ужо цягам 100 дзён, бо ніякага іншага варыянту няма.
«Таму што спыніцца — значыць дазволіць абыходзіцца з сабой, як з рабамі. Спыніцца — значыць уласнаручна падпісаць сабе прысуд. Усе разумеюць, што дарогі назад няма і трэба даціснуць рэжым да канца.
Наша мэта — гэта новыя свабодныя выбары. Для таго, каб правесьці выбары, нам патрэбен дыялёг. А па ўсім выглядае, што Лукашэнка баіцца дыялёгу. Таму мы павінны працягваць ціск. Ёсьць шмат розных спосабаў, як ціснуць на рэжым, каб перамагчы. Я і мая каманда працуем па наступных напрамках:
1. Санкцыі. Дамаўляемся зь іншымі краінамі, каб яны пашыралі, паглыблялі санкцыйныя сьпісы. Зь мінулага тыдня актыўна працуем над эканамічнымі санкцыямі супраць бізнэсаў і дзяржаўных кампаній, якія кормяць рэжым. Плюс чакаецца, што краіны ЭЗ вось-вось пашыраць сьпіс пэрсанальных санкцый да 200+ прозьвішчаў. Дамагаемся перагляду міжнародных праграм падтрымкі, каб грошы не ішлі рэжыму, а наўпрост беларускаму грамадзтву.
2. Блякаваньне лукашэнкаўскіх банкаў. Калі банкі крадуць у беларусаў іх грошы, то беларусам мае сэнс для бясьпекі вывесьці свае сродкі з рахункаў, а мы працуем, каб замежныя банкі спынялі крэдытаваць і супрацоўнічаць зь беларускімі, у першую чаргу дзяржаўнымі — гэта „Беларусбанк“ і „Белаграпрамбанк“. Абмяркоўваем магчымасьць адключэньня рэжыму Лукашэнкі ад сыстэмы SWIFT».
На выбарах 2020 году Сьвятлана Ціханоўская балятавалася на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле афіцыйных дадзеных, Ціханоўская набрала 10,1% галасоў, а Аляксандар Лукашэнка — 80,1%. Паводле дадзеных назіральнікаў, выбары прайшлі з парушэньнямі. У краіне пачаліся масавыя шматтысячныя пратэсты. Сьвятлана Ціханоўская заявіла пра ўзурпацыю ўлады Лукашэнкам і заклікала да правядзеньня новых выбараў. Яна была вымушаная пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Літве. У краінах ЭЗ Ціханоўскую прызналі лідэрам беларускай апазыцыі, зь ёй сустракаліся кіраўнікі шэрагу краін, сярод якіх канцлер ФРГ Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.