Прадпрымальнік Іван зь Менскага раёну паведаміў, што быў у адной камэры ў ІЧУ ў Жодзіне зь вядомымі спартоўцамі — сярэбраным прызэрам Алімпійскіх гульняў 2008 году ў дзесяцібор’і Андрэем Краўчанкам і шматразовым чэмпіёнам Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе Іванам Ганіным.
Івана затрымалі 8 лістапада а 12 гадзіне каля гатэля «Юбілейны» і адвезьлі ў Партызанскі РУУС, а адтуль увечары ў Жодзіна.
«Мы пераначавалі ў камэры, а раніцай прывезьлі новых людзей, сярод іх былі Андрэй Краўчанка і Іван Ганін. Яны яшчэ не прайшлі праз суд. Наша камэра разьлічаная на чатырох чалавек, стол і лаўка, прымацаваная да сьцяны, і яшчэ маленькая лаўка ўпоперак. Спачатку ў камэры было 9 чалавек, а раніцай падсялілі яшчэ, і разам нас было 20».
Андрэя Краўчанку і Івана Ганіна затрымалі 8 лістапада, калі яны ехалі на аўтамабілі ў раёне вуліцы Мельнікайце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па 10 дзён арышту атрымалі прызэр Алімпіяды Краўчанка і шматразовы чэмпіён Беларусі Ганін, журналіст Лява – 15Вольнае абʼяднаньне спартоўцаў паведаміла:
«Па сьведчаньнях відавочцаў, затрыманьне адбывалася жорстка і суправаджалася крыкамі: „Хочаш як на Украіне?“, „а што ты, ####, сабе думаў?“. Рукі спартоўцам адразу сьцягнулі будаўнічымі сьцяжкамі». Дзе Краўчанка і Ганін, на той момант не было вядома.
«Яны былі не пабітыя, але вельмі стомленыя фізычна, бо іхны прывод быў зь фізычнай нагрузкай. Іх прымушалі перамяшчацца па калідорах паўпрысядам і зрабіць вельмі многа прысяданьняў. Сам Андрэй расказаў, што ён прысеў ня менш як 400 разоў. Майка ў яго была мокрая, ён яе зьняў, каб пасушыць на батарэі. Але яны не былі ні напужаныя, ні прыгнечаныя», — сказаў Іван.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага трэнэра зборнай Беларусі па самба звольнілі за ліст спартоўцаў супраць гвалтуПаводле Івана, спалі вязьні на мэталічных нарах, без матрасаў.
«Я спаў спачатку на падлозе, потым падняўся, каб пагрэць сьпіну ля батарэі, бо падлога была халодная. Я быў бязь ежы зь нядзелі да раніцы аўторка. Да суду не кармілі, максымум, што давалі — гарбату і ваду з-пад крана».
Івана судзілі ў Жодзіне, далі 5 сутак і перавялі ў іншую камэру. Потым яго этапавалі ў ІЧУ Менскага раёну, дзе ён дабываў апошнія суткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня хочам жыць, як у канцлягеры». Чэмпіёнкі Беларусі пра гвалт і спартовы гонар