Amnesty Interantional заклікала расьсьледаваць гібель Рамана Бандарэнкі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International патрабуе расьсьледаваць гібель беларуса Рамана Бандарэнкі.

«Улады Беларусі працягваюць кіраваць праз тэрор, перасьлед нязгодных, гвалт і зьнявольваньне людзей. І тым ня менш мы адрасуем ім патрабаваньне неадкладна пачаць як найхутчэйшае, бесстароньняе і пільнае расьсьледаваньне забойства Рамана Бандарэнкі, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Пакуль жа замест гэтага яны заяўляюць, што яго пабілі „неабыякавыя грамадзяне“», — гаворыцца ў заяве.

«Няма ніякіх сумненьняў, што Раман, як і сотні іншых, быў пабіты супрацоўнікамі сілавых структураў». «Невядома, што адбылося, пакуль ён быў пад вартай, але на наступны дзень ён сканаў у шпіталі».

Amnesty International заклікала «пакласьці канец гэтаму тэрору і выкрыць усіх вінаватых у гэтых злачынствах». Інакш «сілы бясьпекі пад камандаваньнем Аляксандра Лукашэнкі будуць працягваць прымяняць самую жахлівую тактыку рэпрэсій — бязьлітасныя катаваньні і нават забойствы — супраць свайго народу», — гаворыцца ў заяве.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка

  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі і сьвеце ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі, Ціханоўская абвясьціла пра народны трыбунал. Найважнейшае за 13 лістапада
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША ў Менску: «ЗША шакаваныя і занепакоеныя»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН заклікаюць прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у сьмерці Бандарэнкі